Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 8

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Ён з жахам глядзіць на сваё новае аблічча, праводзячы далонню па твары, плячы, грудзі, назе. Твар яго перакрывіўся.

__________

— Нашто вы далі яму сярэдневяковы касцюм беларускага шкаляра? — здзіўляецца цэнзар.

— Таму што ў Беларусь яго. У самы паршывы закутак.

— Да чаго ж паршывы?

— Там занадта многа сталі гаварыць пра Бога.

— Што зробіш? — з павучальным выглядам талмудыста кажа цэнзар. — Там рэлігійныя войны. Сярэдневякоўе прыкрывала маскай рэлігіі барацьбу саслоўяў і нацый.

Старшыня ўз'ярыўся:

- Ідзіце вы са сваім анархізмам ведаеце куды?.. Во ён у мяне дзе сядзіць… На Беларусь! У глуш! У Саратаў!

__________

Выхад з пекла. Глыбокая расколіна, спадзістая з аднаго боку. Па дне яе ідуць да выхаду Рагач і ягоны прыяцель Жупел.

Спыніліся на краі расколіны. Перад імі поле. Грады чэрвеньскіх аблокаў. Ля самага краю расколіны цурчыць крынічка.

— Бывай, Жупел, — сумна кажа Рагач. — Я так і застаўся вінен табе дваццаць чырвоных вугольчыкаў. Адкуль я іх тут вазьму?

— Нічога. Разлічымся. Перад тварам такога няшчасця з другам — ці нам памятаць пра нейкія жалю вартыя пазыкі?

Жупел працягвае Рагачу блакнот:

— Распішыся, што я даставіў цябе.

Рагач распісваецца.

— У цябе ёсць права на пробны цуд, — кажа Жупел. — Вось крыніца.

Рагач глядзіць на вясёлы буркатлівы струменьчык.

— Ссохні, - кажа ён.

Па імгненна прасохлым ложку ручаіны, па вадзе, што ўсмоктваецца ў жвір, паўзе, пераліваючыся маслістай скурай, удаў.

— Ну вось, — кажа Жупел. — Хіба не хараство? Ідзі, брат мой. Табе будзе вельмі цяжка. Зямля ж цвіце. Д'ябал нічога не можа зрабіць.

Яна цвіце.

__________

Жупел глядзіць услед Рагачу, што ідзе ўсё далей і далей па схіле ўзгорка. Вось Рагач памахаў рукой на вяршыні. Знік.

…Рагач ідзе пагоркамі, з якіх далёка-далёка бачны суцэльны кілім лясоў.

Зямля раскошная. Зямля цячэ малаком і мёдам. Дрэвы дастаюць верхавінамі да хмар… У лясной рацэ нястрымна б'е рыба… Лань кінулася ў бок ад сцежкі.

Лес скончыўся. Нагляднае поле, што залацее баркуном, лясы, стромы. І потым лугі, лугі, лугі.

Рагач шырокімі вачыма глядзіць на свет.

Ідзе палявой дарогай фігурка, апранутая ў касцюм шкаляра.

__________

Рагач падыходзіць да весніц вёскі. Весніцы зламаныя: жэрдкі ляжаць на зямлі. Уражвае поўная цішыня: ні голасу, ні сабачага брэху.

Насцярожаны, ён ідзе вёскай. Цішыня.

Крок, яшчэ крок. Яшчэ.

І раптам гук, кароткі, рэзкі! Нешта ляснула на ветры.

…Над дзвярыма хаты ўмацаваны белы жалобны сцяг… Далей яшчэ адзін… Яшчэ… Яшчэ… Рагачу пачынае здавацца, што лопанне сцягаў падобнае на хрыплы і кароткі трубны рык.

Сцягі на ўсіх хатах. Некаторыя ўжо зусім запыленыя: вісяць даўно. Ляпаюць на ветры ў поўнай цішыні сцягі.

І раптам непадалёку пачуўся хрыплы крык, падобны на лямант смяротна параненай жывёлы.

З узгорка Рагач бачыць, як з хаты вываліўся на карачках у двор моцны мужчына сярэдніх год. Ён паўзе, не ў змозе стаць на ногі, вые і ўвесь час апускае галаву ўніз.