Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 11

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Шкада, — кажа Агата, — шыбеніца магла б нядрэнна ўвянчаць дзень.

Рагач, уражаны, глядзіць то на Агату, то на спячую. Адзін твар. І ўсё ж розны, як цень і святло. Агата са шкадаваннем глядзіць на П'янду. Два заўзятых лісліўцы аціраюцца на конях ззаду яе.

— А ты добры, — кажа Агата да П'янды.

Глядзіць на Рагача, як на рэч. І раптам здрыгануліся веі. Крылы тонкага носа пашырыліся. Канцом прамога хлыста яна падымае падбародак Рагача. Пешы і конная моўчкі глядзяць друг на друга.

— Ты прыгожы, — халодна кажа конная.

Кавалькада сцягваецца, абкружаючы Рагача і яго ношу.

— Бадай што цябе шкада адпраўляць на кажамякін шасток.

І абыякава абварацілася.

Яна б ад'ехала, каб нехта, нахіліўшыся над спячай, не ахнуў:

— Божа!

Твары ва ўсіх амаль перапалоханыя.

— У чым справа? — пытае Агата.

— Ды гэта ж вы… вы ў яго на руках.

Агата ўглядаецца. Два заўзятых лісліўцы загулі было:

— Не… Куды там… З каралевай параўналі…

Але яна перарвала іх:

— Што з таго? Хіба каралі, палюючы, не начуюць у сялянскіх хатах?

П'янда сказаў дзёрзкасць:

— Каралевы начуюць таксама.

— Ты нядаўна перабег да мяне, П'янда, — кажа каралева. — І таму не ведаеш, што галіны на дубах майго краю больш моцныя, чым паўсюль.

П'янда апусціў вочы. Але ён дабіўся свайго, не даў каралеве "проста паехаць".

— Гаспадар Іван, — кажа яна.

Гаспадар Іван, вялізны, змрочны, як дэман, нізкалобы мужчына ў кальчузе, выехаў наперад.

— Гаспадар Іван Падкова з Дубасечча. Мы загадваем табе аддаць гэтую дзеўку духоўнаму сінедрыёну.

Рука Рагача кладзецца на кінжал.

Але каралева ўжо задумалася.

— Не трэба. Здохне і сама.

Паглядзела на Рагача, — зноў уздрыгнулі крылы носа, — зняла нешта з пальца:

— А ты, калi табе абрыдне важдацца з гэтаю здыхляй, прыходзь у палац. Трымай. Пакажаш — прапусцяць.

П'янда падміргнуў Рагачу. Той схіліўся і падняў кінутае.

Кавалькада праімчалася паўз курган.

Рагач глядзіць на далонь. На далоні ляжыць залаты пярсцёнак з ізумрудам.

__________

Вапенная пустэча. Белая, як мел, зямля. Глыбы камення. Рэдкія скарлючаныя дрэўцы. Галька адзначае высахлае ручво. Пустэчай едзе кавалькада на чале з Агатай. Каралева апусціла галаву, задумалася.

У звоне званочкаў, у посвісце ветру прагучалі гукі струн лютні. Паж Ольда, хлопец год семнаццаці, прыгожы, як ангел са статуі, перабірае струны. Вочы ў яго задумліва-хітраватыя.

Мелодыя аддалася ў камянях пустэчы, як вецер.

— Тую, што прыслаў брат, — ціха просіць каралеву П'янда. — Іспанскую.

— Не па-нашаму, — буркнуў гаспадар Іван.

Каралева пакасілася на яго, жарсткавата ўсміхнулася і падняла вочы. Грудны, нечакана цёплы, прагучэў голас:

Ах, как долго, долго едем!Как трудна в горах дорога!Чуть видны вдали хребты туманной сьерры.Ах, как тихо, тихо в мире…Лишь порою из-под мула,Прошумев, сорвется в бездну камень серый.

Мерна ступаюць капыты коней. Званочкі. Свіст ветру.

I раптам, быццам праступаючы праз гэта вiдовiшча… сцягi… сцягi… сцягi, што трапечуць на ветры.

Грозным, як ад хмары, стае пейзаж. Але ўсё гучыць і гучыць, легкаважная, як званочак, песня: