Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 10
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
І прыбаўляе:
- І няхай спіць, пакуль я не здабуду для яе ежы.
Дыханне дзяўчыны стала больш роўным.
Цень упаў на твар Рагача. Ён падымае вочы. У небе лунае сокал.
Зніжаецца. Каменем падае на нешта ў траве… Заяц вырваўся быў, але сокал спасціг яго. Раздаўся адчайдушны, дзіцячы крык схопленага звярка.
…Рагач бягом спускаецца з узгорка, нагінаецца да птушкі. Сокал супраціўляецца, але Рагач усё ж адбірае зайца. Забітага.
…Ён стаіць з дзяўчынай на адной руцэ, з зайцам у другой.
І раптам тупат капытоў. З-за гарба вырваўся коннік у багатым адзенні. Падляцеў. Рэюць на ветры чорныя, бы ў грака, валасы.
— Я магнат П'янда з Чапяліна. Ты адабраў здабычу ў майго сокала.
Сокал узляцеў на ягоную рукавіцу. П'янда ў гневе рвануў меч.
І, раптам угледзеўшыся, кажа ціха:
— Рагач?
Рагач, сціскаючы зайчыныя ногі, непрымірыма глядзіць на конніка.
І тады П'янда нагінаецца з каня і канфідэнцыяльна пытае:
— Ваша думка аб… "Салодкім жыцці" Феліні?
— Вы… адтуль? — ачмурэла пытае Рагач.
— Так, адтуль, дзе няма часу. Не пазнаеш?
— Скрогат Зубоўны! — ахнуў Рагач, угледзеўшыся.
Скрогат рагатнуў.
— Ну-ну. Не Скрогат, а магнат П'янда з Чапяліна.
— Нашто ты тут?
— А хто будзе глядзець за табой?
— Хіба ўжо глядзяць?
- І не я адзін. Паспрабуй толькі рабіць дабро. У нас паўсюль сотні вачэй.
— Я не буду рабіць дабро, — кажа Рагач.
П'янда паказаў нагайкай на дзяўчыну:
— А гэта дабро ты нашто зрабіў?
Рагач глядзіць яму ў вочы. Потым даў сабе раду. Павярнуўшыся, ён акідвае позіркам вёску.
Сцягі. Сцягі. Сцягі, што пляскаюць на ветры.
І, зноў гледзячы ў вочы П'янды, Рагач кажа:
— Ты лічыш, што вярнуць чалавека да такога жыцця — дабро?
П'янда глядзіць на вёску. На сцягі.
— Гм… бадай, твая праўда. Лічы, што ты зрабіў першы крок на шляху да выкуплення.
Ён дастае блакнот і запісвае ў яго нешта.
— Малайчына. Што думаеш рабіць далей?
— Буду знішчаць цвіценне зямлі, - кажа Рагач.
— Зусім добра, — не зразумеўшы іроніі, кажа магнат.
Рагач маўчыць. П'янда-Скрогат схіляецца над спячай дзяўчынай.
— Дзеўка нішто сабе.
І літасціва дазваляе:
— Можаш, за адным заходам, спакусіць і яе.
Уздыхнуў са скрухай:
— Ні ў д'яблаў, ні ў людзей няма ў гэтай справе ніякай вытрымкі. Няма таго, каб грутноўна вывучаць пытанне, прайсці тэарэтычную падрыхтоўку… Адразу пераходзяць да практыкі… Банда павіянаў.
Ён зусім быў спусціўся з кургана, але ў гэты момант з-за ўзгорка вылецела кавалькада. Лунаюць прапарцы на дзідах, каляровыя конскія накідкі, плашчы, грывы коней. Трапечуць крыламі сокалы.
Рогат. Сп'янелыя выгукі.
Бягуць ля страмён гепарды і хортыя сабакі.
І наперадзе скача жанчына на чорным і зласлівым, як змей, іспанскім муле. Усё бліжэй выгукі і гукі рога.
— Сцінай, да стрэмя! Тра-ра!.. Спакладзі жарабца — скіне! У-у! Цю-га яго! Хух! Хух!
Убачыўшы людзей на кургане, кавалькада заціхла. Усё бліжэй грукат капытоў.
…Жанчына спыняе мула ля кургана. Гэта каралева Агата.
— Шкаляр? Ён што, падабраў твайго зайца, П'янда?
— Не, ваша вялікасць, я сам аддаў яму.
Мул пацягнуўся да травы — заварушыліся выразныя цуглі. Маленькая ручка тарганула павады. Хлыст злосна ўдарыў мула па ніжняй сківіцы з чуллівымі вібрысамі.