Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 6

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Уздыхнуў.

— Хаця, хай мяне Бог шасне, не разумею, што я зрабіў. Але ж я проста дэфектыўны. Я параноік. А па тыпу сапраўдны доліхаморфны тып — як Кальвін…

Аднаго з прысяжных перасмыкнула.

— Як Саванарола, — кажа далей Рагач, — як Гогаль, Блок i Рабесп'ер. Мы ўсе хворыя. Сумленнем. Хаця я i не ведаю, што гэта такое.

Прымоўк. І раптам затарабаніў:

— Увогуле, я прызнаю. І аддаю сябе. Рабіце са мною, што вам тэба. Абяцаю ўсё ўспрыняць самакрытычна… Дзякуй за ўсё.

— Ён яшчэ не зусім прапашчы, — кажа Сатана.

— Суд ідзе на нараду, — кажа суддзя.

__________

— Што б вы зрабілі з ім? — пытае ў марсіяніна Сатана.

— Думмер керл, — кажа той, — ён яшчэ такі малады. Зрабіце для яго палёгку.

__________

— Устаць, суд ідзе!!!

Прысяжныя займаюць месцы.

Калоцячыся, як асінавы ліст, стаіць на месцы Рагач.

Суддзя разгортвае даўжэразны світак:

- Імем вялікай пякельнай імперыі асуджаны за амаральнасць і бытавое разлажэнне д'ябал Рагач з двухсотай секцыі. Склад прысяжный заявіў:

"Так, вінаваты, але заслугоўвае памяркоўнасці". Зыходзячы з гэтага, суд пастанавіў часова выгнаць Рагача на зямлю.

Агульны ўздых жаху.

— З тым, каб ён там выкупіў свае грахі і доўгім, упартым служэннем ідэям Яго Вялікасці заработаў права вярнуцца ў пекла, да яго цёплых катлоў.

— Я заслужу, — радасна кажа Рагач, — я так буду служыць Яго Вялікасці і пеклу, што мяне скора вярнуць.

__________

— Зараз яго будуць інструктаваць, — кажа Сатана. — Застанемся?

— Аб-бавязкова.

__________

Гасне святло. З праекцыйнай будкі цягнецца да экрана светлы конус. І на экране ўстаюць прыўкрасныя гарады, цяністыя гаі, стройныя вежы замкаў, сытыя вёскі.

І потым на ўсё гэта ляціць агонь.

Статуі разбіваюць ломам і кідаюць кавалкі ў яму для гашэння вапны.

Нехта, рагочучы, страляе з самастрэла ў старую фрэску — ляціць атынкоўка. І ў зале таксама паступова нарастае рогат.

— Гэта ўваходзіць таксама і ў вашы абавязкі, Рагач, — кажа суддзя, — але галоўнае не ў гэтым. Пакуль у свеце ёсць прыгажосць, асабліва прыгажосць жанчын, нам і лягчэй і цяжэй працаваць. Лягчэй, калі жанчына зменлівая, цяжэй — калі яна чыстая, калі яна… э-м-м… кахае.

— Я пастараюся зразумець, — кажа Рагач.

— Старайся абапірацца на першых.

— Добра.

— За вамі будуць сачыць, — кажа суддзя.

— Як пазнаю?

— Пазнаеце. Яны будуць па-за часам… Дык вось, жанчыны.

На экране ўзнікае вялізная змрочная зала. Паміж калонамі ледзь могуць прайсці два чалавекі. І са змроку ідзе на Рагача цёмнавалосая жанчына сярэдніх год. Вочы вялікія, шэрыя. Нос прамы. Пачуццёва-пажадлівы рот з прыпухлымі вуснамі скажоны жорсткай складкай. Гэта каралева Агата.

— Яна можа быць вашай апорай, — кажа суддзя.

Усе з некаторым жахам глядзяць на аблічча жанчыны: не вельмі прыкметнае, але чымсьці ўладна прыцягваючае да сябе… І раптам экран заміргаў. Замест залы палаца на ім цёмная пушча, папараць, пранізаная сонцам, і… тое самае аблічча. Толькі на гэты раз велікаваты рот усміхаецца, а вочы, падобныя на вочы лясной лані, глядзяць даверліва і безабаронна. А вакол пушча і цішыня.