Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 5

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

За Сатаною і дэлегацыяй зачыніліся дзверы.

Марсіянін уздыхае:

— Сапраўды шчаслівыя яны, жывучы пад вашым мудрым кпраўніцтвам, геноссе.

— Патрошку, — скромнічае Сатана, — патрошку.

__________

- І, нарэшце, тое-сёе з цікавага, — кажа Сатана. — Міжцэнтр нашай законнасці. Суд. Вярхоўны суд.

— Што тут сёння?

— Судзяць таго ідыёта, што збавіў ціск пад катлом. Папрысутнічаем?

— Абавязкова.

__________

Доўгая, казённага выгляду зала. Над галовамі суддзяў статуя Феміды, якая падглядае адным вокам з-пад павязкі.

Зала поўная. У руках дам насавыя хусцінкі.

Сатана з дэлегацыяй непрыкметна паселі ў апошнім радзе, пад праекцыйнай будкай.

— Пракурор выступае, — шэпча Сатана на вуха марсіяніну.

У пракурора жэсты заўзятага прамоўцы, высакароднае абурэнне на твары.

— Парушаны самыя законы нашай дзяржаўнасці. Падзея, што адбылася сёння, адкрыла нам нечуваныя прорвы маральнага разлажэння, у якія скаціліся некаторыя, ці дазволена будзе сказаць, члены нашага грамадства. Мы не павінны забываць, што дабро не дрэме, што патуранне прывядзе нас на край пагібелі. Згаснуць нашы ачагі, загіне наша культура. Далоў рэнегатаў! Шалёнаму сабаку сякуць хвост па самую галаву!

Грыміць авацыя.

Раздаўлены ўласнай нізасцю, Рагач апускае галаву.

На лаве прысяжных чытае газету цэнзар з цэнзурнага камітэта Яго Вялікасці Сатаны. Адарваўся. Лянотна пахлопаў. Зноў утаропіўся ў лісты.

Устае д'ябал езуіцкага выгляду.

— Я адвакат, — кажа ён, — але калі я пачуў аб меры падзення гэтага няшчаснага — мне захацелася адмовіцца ад абароны.

Рагач уздыхае.

— Толькі ўсведамленне адказнасці прымушае мяне паспрабаваць.

Цэнзар шэпча на вуха суседу:

— Цікавага ў газеце мала. Нерон падпаліў Рым. Радыяцыя стала вышэй дапушчальнай… Як вы думаеце, ці паўторыць Японія дэмпінг сваіх цацак?

- Імператар — гэта галава, — адказвае сусед.

- І я хачу заклікаць да незласлівасці, - спявае адвакат. — Бо ён жа не чалавек, ён звычайны д'ябал, наш брат, такі самы, як мы з вамі. Цяжкія былі ўмовы ягонага дзяцінства. Бацька, які не піў, маці, якая не была ведзьмай. Адкуль яму было навучыцца нашай маралі?.. У яго падзенні вінаваты ён, але вінавата і грамадства, у якім ёсць непазбежны адыход у брак некаторых юных душ… Літасці! Перад вамі ваш брат!.. Ваша душа, ваш выраб, ваша падабенства!

У Рагача затрэсліся рукі. Той-сёй з прысяжных, не хаваючыся, выцірае вочы.

— Падсудны, ваша апошняе слова, — кажа суддзя.

Рагач устае. У яго кранаюча наіўныя жэсты, жэсты аблуднага дзіцяці.

— Я ўсвядоміў, - кажа ён, — і прашу дараваць мне. Хто ж ведаў, што на свеце ёсць дабро? Вучоны з цікаўнасці выдумаў чуму, я з цікаўнасці знізіў ціск. Не скажу, каб мне гэта было непрыемна… Наадварот… Нешта такое варушыцца ў душы.

— У вас не павінна быць душы, — перабівае пракурор.

— Пракурор, я пазбаўляю вас слова, — з пагрозай кажа суддзя.

— Не тэба яго пазбаўляць слова, — кажа Рагач, — у яго праца. І дзеці.

— А за гэта я вас пазбаўлю слова, — кажа суддзя. — Зноў за сваё?

— Добра, — уздахае Рагач, — не буду. Я разумею, я зрабіў не так, як хочуць усе. І я ўсвядомлена прыму кожнае пакаранне. Я трымаў сябе ганебна і амаральна, і апраўдвае мяне толькі маё няправільнае выхаванне. Я не абвінавачваю грамадскасць, я сам вінаваты. І кожнае пакаранне прыму як належнае.