Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 4

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— А тут цікавы экземпляр. Дыктатар ХХІ стагоддзя. З меркаванняў дзяржнеабходнасці знішчыў тры мільёны суграмадзян.

У катле стаіць па калены чалавек гнюснага аблічча.

— Чаму вар толькі да каленяў? — здзівіўся марсіянін.

— Што вы. Таго вы не ўбачыце. Гэты тып стаіць у яго на плячах. Ён быў пры ім фаварытам, спрытняга.

__________

Вялікі светлы пакой. Рады парт. За імі моладзь.

— А гэта нашы кветкі жыцця, — усміхаецца Сатана, — глядзіце, якія нізкалобыя… Уцеха!

— Які ж гэта ў вас урок, любыя дзеці? — пытае марсіянін.

— Ветхі Запавет, — адказвае стараннае д'ябляня.

— А што ж было спачатку, дзеткі?

— Спачатку быў агонь, — выпальвае стараннае.

— Гут, гут, — кажа марсіянін.

Кінуты кімсьці камяк жаванай паперы трапляе яму ў вока.

— Ці не праўда, міла, — кажа марсіянін, зачыняючы дзверы ў клас. — Скажу вам па сакрэту, вельмі мілыя дзеці. Годная змена старому пакаленню.

— Так. Але часам і яны збіваюцца з толку… Цьмяныя позывы да гэтага агіднага дабра… Вось і сёння…

__________

Па калідоры варта вядзе Рагача. Рагач вырываецца.

__________

— Ал-ле, — кажа марсіянін, — выслухаў вас, і страшна стала за будучыню.

Дрэнна ўсё гэта.

__________

Пакой, устаўлены рэтортамі, колбамі і спіртоўкамі.

— А тут у нас лабараторыя, — кажа Сатана. — Мы вырошчваем у булёне ўсё, аж да венерычных захворванняў і поліяміэліту.

— Колькі ж вам патрэбна марскіх свінак? І дзе вы іх трымаеце?

— На зямлі, - адказвае Сатана. — Яны на падножным корме. Гэта танней.

Сатана спыняе гасцей каля галавастай істоты ў халаце.

— Гэта наш гонар, — кажа ён. — Толькі што прыдумаў вірусны грып, а зараз працуе над стойкімі формамі праменнай хваробы… Каб абавязкова быў лятальны вынік.

Марсіянін з памяркоўным ухваленнем дакранаецца да пляча істоты.

— Геніяльнасць — рэдкая штука, шаноўны. Скажыце, з якога часу вы ў пекле?

— Толькі дваццаць год. Пасля смерці.

— Як? — здзівіўся марсіянін.

— Я былы прафесар кракаўскага Ягелонскага універсітэта, — усміхаецца істота.

Сатана тлумачыць збітаму з панталыку марсіяніну:

— Справа ў тым, што ў навуковым сектары ў нас працуюць людзі. Яны не такія скрупулёзна-далікатныя.

— Гм, што ж вас, шаноўны, прымушае прыдумваць усё гэта?

— Святое полымя дапытлівасці, ваша сясь, — выцягваецца прафесар.

— О-о, прыма, прыма! Вазьміце чырвонец на тытунь.

__________

Сатана паказвае вялізную залу з арганам:

— Тут выконваюцца лепшыя творы светавой музыкі.

— Што сёння?

— "У пячоры горнага караля" і "Ноч на Лысай гары".

Марсіянін закатвае вочы.

— О музыка! Музыка душ і сфер!.. І ўявіце сабе, што на зямлі яшчэ няма Мусаргскага!

І шэптам, саромячыся, пытае ў Сатаны:

— А дзе ў вас джаз?

— Унізе. У катлах.

__________

Круглая аўдыторыя амфітэатрам уходзіць з-пад ног.

— А гэта наш светач, — кажа Сатана. — Універсітэт імя Марціна Лютэра. Выкладаюць лепшыя сілы Сарбоны і Мінскага універсітэта. Першых узялі сюды за веру, другіх — за бязбожжа… Мы якраз на лекцыі па светавой літаратуры.

— Дык вось, — чуцен голас выкладача, — сёння мы з вамі прыступаем да разбору парочнага і антыгуманнага твора Гётэ "Фаўст", у якім у скажоным выглядзе падаецца станоўчы вобраз Мефістофеля.