Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 2

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Словы ж і музыку іншых салодкавесных песняў — жанглёр, і лютніст, і спявак у час вольны — Уладак, сын Караткевічаў.

***

Я хачу сказаць табе нягучным і добрым голасам, хай сабе і з адценнем сумнай усмешкі.

— Дай руку, друг, — хачу я сказаць. — Я павяду цябе далёка, у ХVІ стагоддзе. Я пакажу табе д'ябальскія падкопы і сонечныя ўсмешкі чалавечых вачэй, бязодні подласці і высакароднасці, нянавісці і любові. Таму што нават тады свяціла сонца і зрэдку не з шыбеніц раслі на зямлі лясы. Задумайся над сур'ёзным і ўсміхніся жарту. І ў жарце адшукай сур'ёзнае, а ў сур'ёзным — цень усмешкі… Тады род чалавечы быў прыніжаны і вялікі. Тады людзі, як заўсёды, чакалі канца свету і прыходу антыхрыста. Тады, як вядома, яшчэ не было скасавана пекла, і таму існавала два пеклы: адно пад зямлёю, а адно — на ёй. Відавочная празмернасць… Розніца была ў тым, што на зямлі быў час, а ў пекле яго не было… Дык вось, што было на зямлі — ты пабачыш. Пабачыш пералескі, палі, дрыжачыя бярозы на ўзгорках, змрочныя вежы замкаў над светлымі рэкамі. Мы пройдзем з табою па гэтых дарогах, нырнем у вільготную цемру века — вечных лясоў, пройдзем пад аркамі брам.

Але пакуль ты ўбачыш тое, што было пад зямлёй…

***

Паказальны працэс у пекле.

Калі пашэнціць знайсці адну са шматлікіх патрэбных расколін, спусціцца ёю пад зямлю і некаторы час паблытаць падземнымі пераходамі, то, рана ці позна, — ну, вядома, калі не памрэш з голаду ці смагі, — спынішся перад разьблёнымі дубовымі дзвярыма, на якіх вісіць сціплая, але досыць салідная, як у славутага з вялікай практыкай доктара, таблічка:

Прыёмная Яго Вялікасці Сатаны.

…Кабінет, падобны на кабінет доктара Фаўста. Дубовыя шафы, рэторты, кнігі, прыкутыя ланцугамі да стала (каб пазбегнуць спакусы). Сава. Спіць чорны кот. Картатэка. На шырокім, як поле, пісьмовым стале тэлефон, па якому зараз размаўляе гаспадар кабінета:

— Падстанцыя. Алё… Бяда з гэтымі тэлефонамі… Так, Люцыпар… Так, дэлегацыю майго марсіянскага калегі стрэну сам… Што новага?.. Так… Што-о??? Рагач з двухсотай секцыі? Чэрці б вас узялі! Што здарылася?

…У двухсотай секцыі ідзе здача дзяжурства. Скрогат Зубоўны, дзябёлы немалады д'ябал з несімпатычным абліччам, вядзе ўздоўж рада катлоў Рагача. Рагач яшчэ малады і для радавога чорта даволі самавіты і гожы.

— Бяры ключы, — кажа Скрогат. — Гэтая секцыя — твая. Тут сто грэшнікаў, усё больш драбяза. Самы буйны абрабаваў сіроцкі прыют.

Падводзіць Рагача да стала.

— Тут можаш сядзець, чытаць апавяданні Чапека і выбраныя папскія булы… Тут манометр. Сачы, каб не падаў ціск у катлах… Можаш па гэтаму шчыту прыбаўляць яго…

— А нашто?

— Пытанні будзеш задаваць у вячэрняй школе. І асабліва сачы за двума першымі катламі. Вось у гэтым сядзіць хлопец, які забіў гаспадара. Пад канец дзяжурства давядзі ціск пад ягоным катлом да трохсот атмасфер.

Скрогат пазяхнуў:

— А вось у гэтым сядзіць вялікі інквізітар Іспаніі, спаліў дзесяць тысяч чалавек. Гэтаму можаш зрабіць палёгку. Слаўны, адукаваны чалавек. Вельмі любіць катоў і дзяцей. І манахінь. За гэта і трапіў сюды.

Скрогат пайшоў. Рагач сеў з кнігай пад манометрам. Цішыня. Чуваць толькі бульканне вады ў катлах.