Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 19

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Чацвёртага яны цягнуць за рукі. Кідаюць, як бервяно, на адно з крэслаў, сядаюць поруч са сталом Рогача.

— Карчмар, віна.

— Зараз.

Нехта ляпае п'янага па спіне. З пагардаю глядзіць на гэта Рогач.

— Што ўтаропіўся? — крычыць яму другі п'яны. — Клісцірная морда.

Ён спрытна кідае на стол Рогача воцатніцу, збівае ёю на падлогу бутэльку віна.

Твар Рогача абыякавы.

— Не звязвайцеся, — шэпча карчмар, праносячы да стала п'янюг віно.

— Першыя ў гонары, першыя і ў свінстве, — кажа Рогач.

П'яны ляпае "мерцвяка" па плячы, падымае за валасы яго галаву.

— Гэта наш фурман, — груба жартуе ён. — Яму не давайце.

— Які ж гэта фурман? — халодна кажа Рогач. — Гэта гаспадар Іван.

— Раз пры каралеве, раз лейцы ў руках — значыць, фурман. Не палохайся, давязе куды трэба.

Гаспадар Іван рохкнуў у сне.

Рогач кажа холадна:

— Цяпер я разумею, чаму папуасы называюць чалавека "свіннёй без шчэці".

Тое, што ён сказаў, не адразу даходзіць да прытомнасці п'яных.

— Гэта якія папуасы?

— Чорныя.

— Варта! — лямантуе раптам адзін з п'яных. — Хапайце яго, ён нейкіх папуасаў успамінае!

__________

Раніца. Шэрае святло прабіваецца ў акенца каменнага мяшка, у якім сядзіць Рогач. Ён не спіць. Думае. І раптам гукі царкоўных спеваў перарываюць хаду яго думак.

— Дзень гневу, дзень слёз, дзень велічы і горычы, — спяваюць ангельскія галасы. Яшчэ нічога не разумеючы, ён падымаецца на ногі і раптам бачыць слуп чорнага густога дыму, што ўстае наводдаль, за акном.

Пашыранымі вачыма ён глядзіць на яго, а потым пачынае шалёна тарабаніць у дзверы камеры… Не адчынаюць… І тут ён бачыць на пальцы зусім забыты ім пярсцёнак з ізумрудам…

— Пусціце! Пусціце! У мяне пярсцёнак каралевы.

Ён калоціцца аб дзверы ўсім целам.

__________

І вось ён стаіць перад сінедрыёнам, пад тым самым дрэвам. Трошкі ўбаку дымеюць галавешкі пад абгарэлым слупом.

— Дзе ён? — пытае радца.

— Вось, — торкае яму пярсцёнкам пад нос Рогач.

Радца апускаецца на калені, цалуе пярсцёнак і ўстае.

— Каб мы ведалі, - вочы яго бегаюць. — Ідзіце проста ў палац… Даруйце.

— А жанчына?

— Пан Бог возьме яе ў сваё лона.

Радцы мехавата стаяць вакол…І раптам праз натоўп праштурхоўваецца надоешная баба. Толькі цяпер яна цвярозая.

— Бацюхна! — з лямантам падае яна ніц. — Грэшная! Сп'яна агаварыла! Не бачыла я нічога! Загадайце адмяніць!

Радцы глядзяць адзін на аднаго. На тоўстых мордах непаразуменне. Ім застаецца зрабіць адно. І яны гэта робяць. Усе адразу. Яны ўдараюць сябе па крыссях:

— Вось табе на!

__________

Гук рога адбіўся пад сурова-пачварнымі каменнымі вежамі замка. Узнёслыя ў неба камяніцы, зубцы, магутныя аркады.

…З бразгатам апускаецца пад'ёмны мост.

— Чалавек з пярсцёнкам каралевы! Чалавек з пярсёнкам! Чалавек! — гучаць галасы нябачных вартаўнікоў.

Малюсенькі Рогач ідзе ўнутраным дваром да ўвахода ў палац.

__________

Вялізная змрочная зала ў палацы. Нават ззянне сотняў свечак не робіць яе прытульнай. Ля калон два стракатыя ланцужкі прыдворных. Каралевы яшчэ няма.

Да Рогача, што стаіць непадалёку ад трона, падыходзіць мужчына з доўгімі сівеючымі валасамі, апрануты ў грубае сукно.