Читать «Эрыніі» онлайн - страница 37

Юры Станкевіч

Ён знайшоў рэшткі віна ў бутэльцы, якая, пэўна, засталася нейкім чынам па-за ўвагай Крэза, выпіў з рыльца, дабраўся да ложка і адразу праваліўся ў сон.

Прачнуўся ён толькі апоўначы. У прыбудове было душна, і ён выйшаў на падворак. Неба, усыпанае зоркамі, раз-пораз засцілалі пасмы дыму з тарфянікаў. Там-сям з далёкіх і блізкіх дамоў гучала музыка, рытмічна білі барабаны, даносіліся няўцямныя крыкі і брыдкая лаянка. Ён успомніў Шэрыфа, які казаў, што кожную ноч тут кагосьці калечаць ці забіваюць. У рэшце рэшт тое ж самае адбывалася і ў Мегаполісе. Гора чалавеку, калі ён застаецца адзін і не знаходзіцца нікога, хто б прыйшоў яму на дапамогу.

* * *

Разбудзіў яго Крэз. Ужо, пэўна, даўно развіднелася, сонечны прамень прабіваўся праз запыленае шкло. Крэз сказаў, што назбіраў тое-сёе на стол.

«Вас, я бачу, падмаладзілі», — дадаў ён іранічна.

«На беразе я зваліўся з абрыву. Толькі і ўсяго», — не стаў развіваць далей гэтую тэму Слядак.

«Вы калі едзеце?» — спытаў стары нерашуча.

«Што, надакучыў?»

«Ды не. Жывіце. Тут і пагаварыць няма з кім».

«Значыць, еду сёння, — падвынікаваў Слядак. — Якраз пасля абеду тут пройдзе цягнік».

«У вас сабачая работа», — заўважыў стары.

«Затое я многа бачу».

«Жыццё — гэта бруд. Няма чаго і бачыць».

«Я чуў, што вас пагражалі падпаліць, — сказаў Слядак. — Вы б асцерагаліся».

«Не мае сэнсу. Мяне абкрадвалі некалькі разоў, забіралі апошняе, а калі вырашаць пусціць „чырвонага пеўня“, то ўсё роўна не ўберажэшся».

«Займелі б якую зброю».

Крэз махнуў рукой.

Праз гадзіну Слядак пайшоў з мэтай забраць з сейфа свой рэвальвер і развітацца з Шэрыфам. Той сядзеў у сваім крэсле і начыняў пісталетную абойму патронамі.

«Чулі, ноччу стралялі?» — спытаў Шэрыф.

«Не, — адказаў Слядак. — Я моцна спаў».

«Стралялі па мне».

Слядак уважліва ўгледзеўся ў змрочны твар участковага.

«І што?»

«Я заваліў аднаго. Гэта людзі Ларыёна. Вы ўсё роўна з’язджаеце, так што гавару вам як ёсць. Цяпер я тут доўга не працягну».

«Вас возьмуць на службу ў любым іншым месцы. Я магу закінуць за вас слова. А пакуль пастукайце па дрэве».

«Ну не. Адсюль я не пабягу. Не дачакаюцца».

«Чым жа вы ім так не ў масць?» — спытаў Слядак.

«Здараецца, што белыя ідуць на супраціў: падпальваюць дамы дробных наркагандляроў. Ці быў выпадак — „замачылі“ аднаго. Я не вельмі рэагую на гэта, таму тут стаў лішні».

«Д’ябла б пабраў гэты свет», — з горыччу адзначыў Слядак.

«Ён, пэўна, і пабраў», — усміхнуўся Шэрыф.

Яны памаўчалі. Абойма пстрыкнула і ўвайшла на сваё месца.

«Вы, пэўна, ведаеце, што апошняя так званая „канкіста“ пракацілася тут пяць гадоў назад, — сказаў Шэрыф. — Мяркую, чарговая ўжо на падыходзе. Так што самі разумееце, маё жыццё будзе яшчэ менш значыць, чым любога з гэтых нашых прыхадняў. А большасць з іх, між іншым, пятая калона. Вось толькі мясцовым белым я сапраўды не пазайздрошчу».

Слядак уважліва слухаў. Ён, вядома, ведаў, што такое «канкіста» і чым звычайна яна заканчвалася. Узброеныя банды з усходу — там быў цэнтр іх рэгіёна Еўрабіі, саслабелы і недзеяздольны, — урываліся ў паселішчы і дробныя гарады, дзе падобна старажытным канкістадорам (адсюль і «канкіста») учынялі гвалт. У гэтага гвалту было два напрамкі: рабаўніцтва харчовых прадуктаў ды наркотыкаў і захоп белых жанчын і рабоў на ўсход, дзе іх адпаведна выкарыстоўвалі.