Читать «Эрыніі» онлайн - страница 38

Юры Станкевіч

«Дарэчы, — сказаў Шэрыф, — мне ўрэшце ўдалося „прабіць“ тых „хімічак“, пра якіх вы цікавіліся. Я прыціснуў кіраўніка Зары, і ён раскалоўся. Калі-небудзь я да яго дабяруся і ўпакую „садзюгу“ на нары. Але пакуль тое, вось што ён мне паведаміў: тры дзяўчыны, якія збеглі з папраўчых работ і якіх пакуль не знайшлі дый надта і не шукалі, — сёстры, белыя, амаль пагодкі. Іх бацькі загінулі ў Мегаполісе падчас Катастрофы, пасля чаго малалетак скінулі ў нейкі спехам сфарміраваны прытулак, дзе падчас неразбярыхі адбываліся жудасныя рэчы. Вядома, абараніць іх не было каму, а вось пакарыстацца іх становішчам ахвотнікі адразу знайшліся. Іх па чарзе гвалціў дырэктар таго прытулка, але аднойчы, калі крыху падраслі, яны забілі яго. Віну іх тады так і не даказалі, але на ўсялякі выпадак скіравалі ў папраўчую калонію, адкуль яны выйшлі, як толькі дасягнулі пэўнага ўзросту. Кажуць, яны пакляліся помсціць, і за імі цягнецца не адзін хвост, але яны надзвычай скрытныя, асцярожныя і чуюць небяспеку, як зверы. Хоць іх лёс і прадвызначаны».

«Вы будзеце іх шукаць?» — спытаў Слядак.

Шэрыф паціснуў плячыма.

«Калі загадаюць, пашлю сваіх двух вялікіх следапытаў. Можа, ім і пашанцуе».

«Рад, што вы ставіцеся да гэтага з гумарам, — сказаў Слядак. — Мне, напрыклад, іх па-чалавечы шкада».

«А-а, вось яшчэ што, — нібы ўспомніў Шэрыф. — Мне далажылі, што вы сплавалі на востраў».

«Хто гэта далажыў?»

«А вы ўгадайце».

«Штучнік? — выказаў здагадку Слядак. — Ну і зух!»

«Дык раскажыце, што там на востраве?» — замест адказу спытаў Шэрыф.

«Пуста. Балота. Твань».

«І ніякіх там, скажам так, адхіленняў?»

«Што вы маеце на ўвазе?»

«Ну, якая-небудзь кінутая лодка, у людзей яны часам сталі прападаць, мне скардзяцца».

«Пашліце Штучніка. Ён разбярэцца».

«Вы быццам сёння едзеце?» — не падтрымаўшы жарт, удакладніў Шэрыф.

«Так. Я прыйшоў развітацца».

«У вас на твары шрам і на галаве кроў».

«Я пабіўся, калі хадзіў да Зары».

«Што ж, удачы вам».

«Узаемна».

Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і Слядак пайшоў. Ён не любіў доўга развітвацца.

Крэз чакаў яго, па звычцы седзячы на калодзе. Ён ужо глынуў з бутэлькі, якая стаяла побач. Нібы ўпершыню Слядак убачыў яго лядашчасць і што ён ужо амаль зусім стары: зморшчыны, набухлыя мяшкі пад вачыма, друзлая скура — усе прыкметы распаду арганізма.

«Не хацеў вас раней трывожыць пытаннямі, — сказаў стары, — а калі зазірнуў у краму, то вы ўжо раптам сышлі».

«Я хадзіў развітацца з Шэрыфам, — патлумачыў Слядак. — Праз паўгадзіны мне трэба на станцыю, інакш я спазнюся на цягнік».

Стары ўзняўся з калоды.

«Калі вы не супраць, я дапамагу вам сабрацца».

«Я сам, — сказаў Слядак. Ён выцягнуў з кішэні кашалёк і даў таму грошай. — Вось, вазьміце».

«Вы іх бачылі?» — спытаў Крэз.