Читать «Эрыніі» онлайн - страница 35

Юры Станкевіч

Ён ужо адчуў, што яго здагадкі набываюць зусім новы сэнс і напрамак.

«Гэта вы ўтраіх забілі Зураба?»

Адказам яму было маўчанне.

«А Ларыёна?»

Дзяўчына кінула на яго позірк, поўны нянавісці.

«І мімаходам злягчалі маньяка?»

Маўчанне дзяўчыны было ўжо занадта красамоўным. Зрэшты, ён і не чакаў адказу.

«Я не данясу на вас — хоць у гэта вы можаце паверыць?» — спытаў ён.

«Хто вы?» — нечакана выявіла цікаўнасць дзяўчына.

«Я — чалавек з Мегаполіса. І заўтра туды вярнуся. Я вам не вораг — зразумейце».

«Хутчэй плывіце назад і з’язджайце».

Слядак памацаў руку. Кроў ужо амаль спынілася. Ён агледзеўся па баках.

«Вашы сяброўкі дзесьці паблізу? — спытаў ён. — Ну што ж. Няхай так. Я зараз паплыву назад, але напаследак вам параю: вяртайцеся ў Мегаполіс. Там вы згубіцеся ў натоўпе, і вас урэшце пакінуць шукаць. Цяпер такі час, што кожны сам за сябе, і, можа, вы ўратуецеся».

Дзяўчына раптам неяк з горыччу ўсміхнулася, паказаўшы роўныя белыя зубы.

«Можа, яшчэ і пакаяцца за грэх у якой падпольнай царкве ці касцёле?»

«Знойдуцца людзі, якія вам дапамогуць».

«Ідзіце хутчэй, а то будзе позна».

Слядак выхапіў з вогнішча абгарэлую галінку.

«Вось, — сказаў ён, адшукаўшы пятак утаптанай глебы, — тут я напішу вам нумар абанентнай скрыні ў Мегаполісе. Як толькі вы з’явіцеся там, дайце мне ведаць, і вам дапамогуць. Я адказваю. Бачыце? Запомніце гэты нумар».

«Уцякайце».

Ён кінуў галінку ў вогнішча, павярнуўся і, не азіраючыся назад, рушыў прэч.

Сонца ўжо ў поўную моц вывяргала спёку. Хадзіць па балоце — гэта не тое, што плыць па вадзе. Ногі яго часам загразалі ў твань па пахвіну, з бруднай жыжкі выскоквалі смярдзючыя пухіры і лопаліся сярод тысяч дробных вадзяных істот, якія, пэўна, адчувалі сябе тут з камфортам.

Урэшце ён з палёгкай дасягнуў вады. Рана на перадплеччы была яшчэ адкрытая, але ўжо не кроватачыла. Ён глыбей удыхнуў паветра, спыніўся на кароткае імгненне і пайшоў у глыбіню, а потым паплыў, вызначыўшы напрамак.

Хвілін праз пятнаццаць ён лёг на спіну, каб адпачыць. Сонца стаяла амаль у зеніце, і яго бязлітасныя промні сляпілі вочы. Вада прыемна халадзіла цела і вяртала бадзёрасць.

Цень імкліва прамільгнуў перад яго вачыма. «Адкуль яму ўзяцца?» — падумаў ён. Сонца паліла твар, на небе не было ні адзінай хмаркі. Ён прыўзняў галаву, каб агледзецца, і ў гэты момант пачуў характэрны посвіст, які ён ужо чуў раней, калі далёка заплыў на возеры, і ў той жа момант рэзкі крык і ўдар па галаве нібы нечым вострым. Ад нечаканасці ён перакуліўся і глынуў вады. Страх міжволі працяў яго. Посвіст над галавой паўтарыўся, і ён уяўна пачуў смех. Смех? У тое ж імгненне адчувальны ўдар у патыліцу збіў яму дыханне і зноў прымусіў глынуць вады. «Што гэта і наколькі небяспечна? — пранеслася ў яго галаве. — Неабходна ўбачыць тую небяспеку, каб ведаць, як ад яе ўберагчыся».

Ён сабраў сілы і рэзка выскачыў з вады амаль па пояс.

Птушкі! Дзве вялізныя птушкі рабілі разварот і, нібы знішчальнікі, пачыналі пікіраваць на яго. Чайкі! Ён успомніў радок з Сеціва, дзе гаварылася пра гэтых птушак і пра небяспеку сустрэчы з імі ў вадзе. «Толькі без панікі», — падумаў ён. Усё залежыць цяпер ад таго, які спосаб абароны ён знойдзе. Але які? Павярнуцца да іх тварам і паспрабаваць схапіць рукамі? Дык без дапамогі рук ён пойдзе на дно. Ці яму выдзяўбуць вочы. Плыць хутчэй? Але ў яго засталося не так ужо і шмат сіл, каб імчаць, як спрынтэр. Да таго ж чайкі ўсё роўна будуць у такой гонцы спрытнейшыя.