Читать «Эрыніі» онлайн - страница 39

Юры Станкевіч

«Каго гэта — іх?»

«Эрыній».

«Бачыў, — праз паўзу сказаў Слядак. — Яны ледзь не патапілі мяне».

«Цяпер вы мне верыце?»

Слядак паціснуў плячыма.

«Хіба што так».

Ён пайшоў, сабраў сваю дарожную сумку і зноў выйшаў на падворак. Сонца пакрысе губляла сваю сілу. Крэз па-ранейшаму сядзеў на калодзе. Бутэлька ўжо амаль апусцела, але ап’янець ён яшчэ не паспеў.

«Не хачу вас сурочыць, — асцярожна заўважыў Слядак, — але ж вы абмежаваныя часам, я маю на ўвазе тое, што наперадзе ў вас старасць, і дапамогі вам тут дачакацца цяжка».

«Я ведаю, — адказаў стары. — Пакуль я яшчэ ў сіле. Але як толькі я саслабею — мне гамон. Лёс многіх белых тут прадвызначаны, калі яны жывуць адзінока падобна мне. Як кажуць, за што змагаліся — тое і атрымалі».

Яны крыху памаўчалі.

«Што ж бывайце, — сказаў Слядак і працягнуў старому руку. — Калі што, вяртайцеся ў Мегаполіс. Я вам раней гаварыў пра свой пеленг, і вы лёгка знойдзеце мяне».

«Бывайце, — адказаў Крэз. — Наўрад ці больш пабачымся, так што дзякуй вам за дабро і ўдачы».

…У забітым людзьмі вагоне цягніка, а хадзілі яны рэдка, Следаку не знайшлося месца. Там-сям можна было і сесці, але яму наўмысна і з прытоенай нянавісцю адмаўлялі — ехалі ў асноўным цемнаскурыя і каляровыя, а таксама супляменнікі Ларыёна. Ён прымасціўся ў тамбуры ля акна і ўвесь час стаяў, раз-пораз прыціскаючыся, калі яго піхалі, часам знарок, да сценкі.

К вечару стала больш свабодна. Цягнік грукатаў, Слядак асцярожна паспрабаваў прыадчыніць бруднае акно — тое якраз аказалася незаблакіраванае, — і ў твар яму пругка пацёк струменьчык свежага паветра.

За вакном мільгаў, калі-нікалі мяняючыся, адзін і той жа сумны пейзаж: рэдкія баракі прымітыўных сельскагаспадарчых кластэраў, паляны ад даўно высечанага лесу, на месцы якога перад вачыма часам праплывалі бязладныя кампактныя паселішчы; гісторыя павярнулася назад і спынілася на прыкладзе былых амерыканскіх амішаў, якія закансервавалі свой побыт на ўзроўні семнаццатага–васемнаццатага стагоддзяў — наступіла другое сярэднявечча, хіба што з элементамі трафейнага індустрыялізму.

Потым ён убачыў, як з-за далягляду раптоўна выплыў барвовы дыск Месяца. Казалі, што навігатары з першай стацыянарнай касмічнай базы, пабудаванай там напярэдадні і кінутай на волю лёсу, а па сутнасці, на марудную смерць ад недахопу кіслароду і прадуктаў спажывання, у момант Катастрофы і пасля яе, калі ўсюды панаваў хаос, — у тыя апошнія свае гадзіны даслалі на Зямлю праклён.

«У рэшце рэшт, — думаў ён, — хіба так важна, хто тут будзе весці рэй? На падыходзе новыя орды, яны яшчэ больш шматлікія і яшчэ больш агрэсіўныя, бо эпоха асветы скончылася, народы дэмаралізаваныя, а іх лідэры — нікчэмныя. Калектыўнае самазабойства якраз і пачынаецца з адмаўлення традыцыйных каштоўнасцей, пры якім асобныя вяртлявыя і хітрыя, як чарвякі, індывіды могуць і выжыць, а народ немінуча загіне».

Што гаварылі адзін аднаму і думалі ў тыя дні дзесяць гадоў назад няшчасныя астранаўты, для якіх Месяц стаў агульным магільнікам? Нічога, акрамя праклёну, на Зямлю яны не даслалі, а ўсе размовы знішчылі. Дый сама станцыя, пэўна, ужо развалілася і спарахнела, зацягнутая рэгалітам. Космас — вось куды было варта глядзець чалавеку. І Тэорыя Усяго, якую абяцалі агучыць нам у гэтыя трыццатыя гады навукоўцы, так і не была адкрыта, а самі яны былі зацкаваныя.