Читать «Эрыніі» онлайн - страница 36

Юры Станкевіч

Ён зноў атрымаў адчувальны ўдар, на гэты раз крылом. За ім павінен быць і другі, бо птушак дзве, мільганула ў яго галаве. Ён захапіў у лёгкія паветра і нырнуў. Над галавой па вадзе адчувальна ляснула, і ён зразумеў, што птушка прамахнулася. Але ж як доўга ён здолее так плыць, а чайкі — пудлаваць? Максімум хвіліну, нягледзячы на тое, што ён лічыўся калісьці выдатным плыўцом. А такі рваны рытм для плыўца згубны, бо можа хутка знясіліць яго. Да таго ж пасля ранення і аперацыі сілы ў яго ўжо далёка не тыя, што ў маладосці.

Ён выдыхнуў паветра ў ваду і вынырнуў на паверхню, зноў перайшоўшы на вольны стыль. Ногі яго звыкла запрацавалі, ствараючы руху моц. Бераг. Як хутка павінен быць бераг?

Ён павінен спяшацца, бо птушкі, а такіх вялікіх ён ніколі ў сваім жыцці не бачыў, чымсьці вельмі ўзвар’яваныя і поўныя лютасці.

Зноў удар па галаве. Ён не паспеў нырнуць, як яму апякло шчаку — пэўна, тая чайка, што заходзіла на яго пасля першай, пусціла ў ход кіпцюры. Ён зноў даў нырца. Праз хвіліну вынырнуўшы, ён паплыў так, каб вада больш не трапляла ў вушы і ён мог пачуць набліжэнне небяспечных істот. Гэтая тактыка прынесла яму нейкую надзею: як толькі ён чуў над галавой свіст крылаў, то адразу набіраў як мага больш паветра і пагружаўся ў ваду з галавой.

Бераг ужо быў побач — ён адчуваў гэта, а калі на імгненне прыўзняўся, каб зірнуць, то ўбачыў, што ён ужо нарэшце блізка да мэты.

Якраз у гэты момант ён адчуў моцны ўдар і потым другі, зноў глынуў вады і з цяжкасцю выплюнуў яе, каб прачысціць лёгкія.

«Йа-ха-ха! Йа-ха-ха!» — пачуў ён пранізлівы крык і — раптам стала ціха. Ён плыў наперад, і было ціха. Птушкі пакінулі яго.

Ён амаль выпаўз на бераг і доўга ляжаў так, не маючы сіл узняцца на ногі. Сонца пераваліла зеніт, і цела яго хутка абсохла, мухі абляпілі рану на руцэ і ўзбуджана гудзелі над галавой — адчувалі пах крыві.

Урэшце ён з цяжкасцю падняўся, знайшоў у хмызняку схаваныя раней шорты і красоўкі, апрануўся і паволі рушыў у Паселішча.

Навокал ужо ўсё даўно абудзілася. Насустрач яму цяпер траплялі ў асноўным жаўта- і цемнаскурыя постаці, як звычайна, жукаватыя і гучнагалосыя. Крочылі яны ўпэўнена і не саступалі дарогі, бачылі, што нешта з ім не так, ён змораны і сілы яго на зыходзе. Таму і не саступалі. Адзін раз яму ўслед шпурнулі каменнем, але ён спадзяваўся, што сустрэчы з абколатымі і азлобленымі падлеткамі на гэты раз мінуе.

Крэза дома не аказалася. Слядак знайшоў кавалак люстэрка, агледзеў твар і збольшага галаву. Твар быў апухлы ад укусаў жамяры, з вялізнай драпінай на шчацэ, а на галаве ён намацаў некалькі гузакоў і неглыбокіх ран з ужо запечанай крывёй.