Читать «Эрыніі» онлайн - страница 34

Юры Станкевіч

Усе гэтыя думкі імкліва пранесліся ў яго ў галаве, саступіўшы ўрэшце адной: нельга губляць над сабой кантроль, гэтага, магчыма, яна і чакае. Галоўнае — пазбавіць яе нажа. Ён чакаў, пакуль яна нападзе.

Крык. Пранізлівы, разлічаны на тое, каб ашаламіць. Дзяўчына кінулася на яго, выставіўшы нож. Ён зрабіў падманны рух, ухіліўся і схапіў яе за кісць. Падсечка — і дзяўчына ўпала на зямлю. Ён вырваў нож з яе рукі.

«Устаньце, — выдыхнуў ён. — Я не зраблю вам дрэннага».

Яна моўчкі паднялася на ногі, і ён нібы ўпершыню ўбачыў, што дзяўчына ненатуральна гнуткая, з шырокімі плячыма і стройнымі нагамі — ніводнага грама лішняй вагі. «Пэўна, так выглядалі старажытныя амазонкі», — пранеслася ў яго галаве.

«Забярыце», — сказаў ён і працягнуў ёй яе зброю.

Дзяўчына імклівым рухам выхапіла з яго рукі нож. Яна ўся дрыжэла.

«Супакойцеся. Я вам не вораг».

Сонечныя блікі скакалі па яе целе, прабіваючыся скрозь лісце бяроз. У вачах дзяўчыны па-ранейшаму тлела нянавісць.

«Нам варта пагаварыць, і я сыду», — сказаў ён.

Але замест адказу яна зрабіла знак рукой, быццам камусьці за яго спінай, і ён інстынктыўна павярнуўся, каб паглядзець, каго гэта там яна ўбачыла. І ў тое ж імгненне зразумеў, што гэта не што іншае, як выкрут, каб адцягнуць увагу, рэзка адхіліўся, але запознена — лязо слізнула па яго перадплеччы, болю ён не адчуў, а другая падсечка зноў зваліла дзяўчыну на зямлю.

Ён адразу заламіў ёй кісць болевым прыёмам, і яна мусіла выпусціць нож, які, як і раней, апынуўся ў яго руках. Ад неглыбокага парэзу, які ён убачыў на сваім перадплеччы, заструменіла кроў. Ён сарваў нейкую расліну і прыклаў да раны. Дзяўчына з зямлі сачыла за тым, што ён робіць.

«Уставайце, — сказаў ёй Слядак. — Больш вы мяне не падманеце. Я — не вораг, зразумейце гэта».

Упершыню яна расцяла вусны.

«Ідзіце адсюль. Уцякайце».

«Але чаму?»

«Я тут не адна. Сюды прыйдуць».

З паўхвіліны ён думаў над яе словамі, а потым выказаў сваю здагадку:

«Я ведаю, што вас расшукваюць і што вы з тых траіх, хто аб’яўлены ў вышук. Гэта вы спілавалі бранзалеты, калі хаваліся ў доме старога Крэза?»

Дзяўчына імклівым рухам ускочыла на ногі.

«Чаго вы хочаце?» — спытала яна.

«Я хачу знаць праўду, і я пайду».

Ён у другі раз працягнуў дзяўчыне яе нож.

«Больш не рабіце глупства!»

Яна выхапіла з яго рукі зброю.

«Уцякайце, пакуль не позна».

Слядак ужо быў упэўнены ў слушнасці сваіх здагадак. Гэтая дзяўчына, безумоўна, адна з тых самых траіх уцекачоў, пра якіх яму расказваў стары апантаны. Дык гэта іх ён хаваў у сваім жытле, а пасля дапамог знікнуць? Так. Але, чаму яны не сыходзяць з гэтых месцаў назаўсёды?

«Чаму вы не сыходзіце адсюль? — спытаў ён. — Хутка пачнецца сезон дажджоў, тут усё залье, а потым увогуле прыйдзе зіма».

«Яшчэ зарана».

Слядак на секунду-другую адвёў позірк, каб агледзецца — ён інтуітыўна адчуў, што агрэсія яе пайшла на спад, — і раптам убачыў на вяроўцы, працягнутай ад дрэва да дрэва, нешта накшталт карнавальнай маскі. Сапраўды, гэта была менавіта маска, пэўна, яна сушылася. Маска ўяўляла сабой не што іншае, як птушыную галаву.