Читать «Эрыніі» онлайн - страница 33

Юры Станкевіч

Убаку, за бярозкамі, нешта грувасцілася, і праз зараснікі ён убачыў невялікі армейскі намёт. Намёт! «Дык вось яно што, — падумаў ён, — значыць, гэтая дзяўчына спынілася тут не на адзін дзень і, пэўна, сапраўды не адна».

Дзяўчына між тым, хоць, быццам, нічога варожага і не заўважыла, па-ранейшаму паводзіла сябе так, як звычайна паводзіць той, хто адчувае незразумелую яму небяспеку. Яна чуйна прыслухоўвалася, раз-пораз абводзіла позіркам прастору перад сабой, ціха паварочвалася назад і глядзела ўжо і за спінаю.

Ён яшчэ крыху счакаў, а потым зрабіў крок наперад.

«Не бойцеся мяне, — сказаў ён, набліжаючыся. — Я заплыў сюды з Паселішча».

Дзяўчына на імгненне знерухомела, але хутка нібы апамяталася, кінулася да зямлі і адразу выпрасталася. У руцэ яна трымала нож.

Ён зрабіў яшчэ адзін крок наперад і спыніўся, сустрэўшыся з ёй позіркам.

«Я не зраблю вам дрэннага».

У зялёнага колеру вачах дзяўчыны ён не заўважыў ні страху, ні нават разгубленасці, ні сумневу, ні паразумення. Хіба што нянавісць, разбаўленую халодным разлікам, як у якой драпежнай птушкі. Толькі цяпер ён успомніў балбатню старога Крэза, бо на левым перадплеччы дзяўчыны выразна ўбачыў выяву чайкі ў палёце.

«Не бойцеся», — ён наблізіўся яшчэ на крок і апынуўся амаль усутыч.

Крык. У адказ ён пачуў крык.

Дзяўчына скінула з плеч коўдру і кінулася на яго. Лязо бліснула ў сонечным промні, і ён ледзь паспеў ухіліцца. Яна імгненна адступіла назад і зноў кінулася. У яго нават мільганула недарэчная думка, што дзяўчына брала дзесьці ўрокі нажавога бою, але раздумваць над усім гэтым не выпадала. Ён зноў з цяжкасцю ўхіліўся — спатрэбіліся ўсе яго амаль забытыя навыкі рукапашкі — і здолеў перахапіць яе руку. Яна адразу кінула нож пад ногі. Але расслабляцца было рана, бо дзяўчына вужакай праслізнула яму за спіну, перахапіла рукамі шыю і сціснула так, што ў яго заняло дух, а перад вачыма паплылі чорныя плямы — не хапала паветра. Ён паспрабаваў аслабіць захоп, але рукі ў яе былі надзвычай моцныя, і ў яго нічога не атрымалася. Да таго ж яна абхапіла яго нагамі, і ён мусіў зрабіць адзінае, што яму заставалася — абрынуцца на зямлю. Плячом ён адразу прыціснуў яе, і хватка на шыі аслабела: ён расчапіў яе пальцы на горле, перахапіў адну руку, наваліўшыся ўсім цяжарам, і перакуліў на спіну.

Абое задыхаліся, як барцы вольнага стылю ў час паядынку. Ён зноў міжволі сустрэўся з ёй позіркам: у вачах дзяўчыны ён не ўбачыў ні страху, ні адчаю, ні нават хвалявання, хіба адну толькі халодную пагарду і нянавісць. У тое ж імгненне яна ўдарыла яму ў твар галавой, пасля чаго ёй хапіла дзвюх-трох секунд, каб выслізнуць з-пад яго і ўскочыць на ногі. Маланкава яна нахілілася, і зноў у яе руках бліснула лязо нажа.

Раптоўны прыступ злосці затуманіў яго свядомасць, а кроў ударыла ў галаву. Гэта бязлітасная, небяспечная і разам з тым пагрозліва прыгожая пачвара жадае яму смерці. У чым справа? Што кіруе ёй, і чаму ў яе столькі нянавісці да яго? Ён жа не выявіў нават намёку на тое, што нападзе на яе ці ўвогуле зробіць ёй дрэнна. Хіба яна лічыць, што тут яе тэрыторыя? Але так лічыць можа толькі жывёла, калі сустракае ворага ля сваёй нары.