Читать «Эрыніі» онлайн - страница 32

Юры Станкевіч

Так ён рухаўся нейкі час і неўзабаве з палёгкай вызначыў, што глеба пад нагамі пацвярдзела, а ісці стала значна лягчэй. Першыя скрыўленыя, напаўгнілыя ліставыя дрэвы ўсё часцей трапляліся яму на шляху.

І тут ён раптам уздрыгнуў і адразу спыніўся. Дым. Ледзь улоўны пах дыму заказытаў яму лёгкія. Там, наперадзе, на ўзвышшы, пэўна, нехта нябачны паліў вогнішча.

З максімальнай асцярогай ён пасунуўся далей, стараючыся пазбягаць лішняга шуму. Ісці стала прасцей, бо ногі ўжо не трэба было выцягваць з глыбокіх гразевых ям. Крывасмокчучыя па-ранейшаму нападалі на яго, прымушаючы раз-пораз спыняцца і ліхаманкава абціраць цела далонямі. Станавілася ўжо даволі душна — балоты награваліся і выпаралі вільгаць.

Рухі яго рабіліся ўсё больш асцярожнымі. З кожным крокам пах дыму мацнеў, а ногі ўжо ступалі па сушняку — працяглая спёка амаль высушыла ўзвышша, да якога ён імкнуўся.

Трымаючыся кустоў, ён незаўважна наблізіўся да таго самага пагорка, на якім сапраўды расло некалькі бярозак. Босыя яго ногі мякка дакраналіся да зямлі і гэтак жа мякка ад яе адштурхоўваліся, ні адна сухая галінка не павінна была трэснуць, дый адкуль тут ім было ўзяцца — на балоце, падсохлым на самай сваёй высокай частцы ўсяго які тыдзень назад.

Ён, між тым, быў ужо ля намечанага раней месца, уздыму пад нагамі не адчувалася, ад блізкага вогнішча патыхала характэрным пахам, часам чулася нават лёгкае патрэскванне сухіх галінак на агні, а назбіраць сухія галінкі і спальваць іх мог толькі чалавек.

Рукамі ён крыху рассунуў лісце і — знерухомеў у нямым здзіўленні.

Проста перад яго вачыма ля невялікага вогнішча на кукішках сядзела маладая жанчына, хутчэй, нават дзяўчына ў закрытым купальніку. На першы погляд ёй было ад васемнаццаці да дваццаці гадоў: загарэлая на адкрытых месцах цела аж да чарнаты, яна была пакрыта на перадплеччах татуіроўкай. Са свайго сховішча ён беспамылкова вызначыў, што дзяўчына белая. Рэзкіх абрысаў яе твар у абрамленні прамых чорных валасоў захоўваў засяроджаны выраз — у руцэ яна трымала над агнём доўгі дубец, на канцы якога смажылася рыбіна. Раптам дзяўчына ўздрыгнула, выцягнула рыбіну з агню і пачала насцярожана азірацца па баках, быццам яе пачало нешта непакоіць. Яна спрытна ўскочыла на ногі, падхапіла з зямлі коўдру, якая ляжала непадалёку і накінула яе на сябе. «Няўжо яна нешта ўбачыла? — падумаў Слядак. — Але ж я пакуль нічым сябе не выкрыў, хіба што толькі яна нейкім чынам адчула мой позірк?»

Ён працягваў стаяць за сваёй зялёнай схованкай і чакаў, што будзе далей. Адна яна тут ці ёсць яшчэ хто? Што яна цяпер робіць на далёкім, заўсёды бязлюдным востраве — ловіць рыбу? Але ж рыбалка не занятак для маладых жанчын. Адпачывае? Дык тут не месца для адпачынку. Хаваецца? Пытанні адно за другім узнікалі ў яго галаве.

Што калі яна не адна? Гэта хутчэй за ўсё, бо жанчына ў такім гіблым месцы не можа быць адна. Тады дзе яе спадарожнік? Як ён адрэагуе, калі ўбачыць на сваёй тэрыторыі незнаёмца ў адных плаўках, які ўзнік невядома адкуль?

Урэшце, вырашыў ён, можна пачакаць і далей, але жамяра ўзлютавала яшчэ больш, і ён зразумеў, што доўга яму так хавацца не выпадае.