Читать «Эрыніі» онлайн - страница 31

Юры Станкевіч

На звалках дымілася смецце, сярод якога ўжо корпаліся шэрыя постаці бадзяг, узброеных бамбукавымі палкамі, на канцах якіх былі замацаваныя цвікі — імі яны падчэплівалі з зямлі тое, што іх цікавіла.

Праз хвілін дваццаць Слядак выйшаў да возера і спыніўся, уражаны. У не набраўшых яшчэ сілу сонечных промнях над вадой лёгкім вэлюмам дымілася пара.

Уся вялізная плошча вады нібы спала моцным ранішнім сном, бо ветру зусім не адчувалася, ніводная хваля не дасягала берага, хіба што зрэдку боўтала ўдалечыні ад берага рыбіна.

Слядак схаваў у хмызняку шорты з красоўкамі і зайшоў у ваду. Яна заказытала яму спачатку ногі, потым дайшла да пояса, і тады ён нырнуў і адразу выплыў, перайшоўшы на вольны стыль: удых, чатыры грабкі рукамі і выдых у ваду. Дзесьці за некалькі кіламетраў наперадзе быў востраў.

Калісьці, у глыбокай старажытнасці, знясілены ляднік, які адступаў усё далей і далей на поўнач, пэўна, затапіў тут плынямі прэснай вады вялізную нізіну знявечанай каменнем зямлі. Прайшлі стагоддзі, і гэтая нізіна з талай вадой ператварылася ў маляўнічае возера, па якім ён зараз плыў.

Праз нейкі час ён спыніўся і стаў адпачываць, перакуліўшыся на спіну. «Пада мной як мінімум дзесяць метраў глыбіні», — падумаў ён, праз хвіліну аддыхаўся і зноў паплыў. Зрэдку ён сцішваўся, узнімаў галаву і ўглядаўся наперад. Пара ўжо амаль растварылася на сонцы, і раптам ён убачыў востраў.

Вельмі асцярожна, стараючыся пазбягаць лішняга шуму, Слядак рухаўся наперад. Неўзабаве ён вызначыў зусім блізка вузкую палоску трыснягу з раскіданымі там-сям купінамі вербаў ды чароту, а потым яго ногі дакрануліся да дна. Паступова выходзячы з вады, ён апынуўся ў невялікіх участках трыснягова-хмызняковых зараснікаў, некалькі разоў правальваўся ў глыбокія яміны, а потым выйшаў на бераг — багністае месца з разбуялай воднай расліннасцю, зацягнутымі тванню балотцамі і там-сям на іх зараснікамі белых гарлачыкаў. Жамяра адразу атакавала яго, але ён трываў, пільна ўзіраючыся пад ногі: сустрэча з гадзюкай у яго становішчы была б горшым варыянтам.

Тутэйшы свет ужо даўно абудзіўся. Усюды квакшы палявалі на мух, павукі стаіліся ў чаканні ахвяр, шматлікія кветкі, якія каранямі імкліва перакачвалі ў сябе вільгаць, распускаліся пад промнямі сонца. Але навокал стаяла нязвыклая ціш, і ён урэшце зразумеў: тут чамусьці не было птушак.

Слядак агледзеўся і ўдалечыні ўбачыў вершаліны некалькіх бяроз — там, відавочна, існавала ўзвышша, куды ён і вырашыў неадкладна ісці. Шматлікія яміны і балотцы, запоўненыя гнілой вадой, паверх якой боўталася зялёнае месіва раскі, моцна перашкаджалі яму. Да таго ж ён непакоіўся за свае ногі, каб іх выпадкова не параніць, але не мог жа ён плысці сюды ў абутку?