Читать «Эрыніі» онлайн - страница 30

Юры Станкевіч

У прапахлым бруднымі бінтамі, гноем і мачой бараку Імбэцыл займаў ложак ля самага ўвахода. Ён выглядаў зусім інакш, чым пры першай сустрэчы ў ізалятары. Змораны твар, палахлівыя вочы, у якіх быццам застыў назаўсёды жах, вышчараныя ў бяссільнай грымасе, пашкоджаныя карыесам зубы.

«Што гэта з ім?» — спытаў Слядак.

Шэрыф радасна засоп.

«Адсвістаўся. Цяпер ён пакладанец. Яго злягчалі».

«Злягчалі?» — здзівіўся Слядак.

«Так. Кажа, што жанчыны».

«Гэта праўда?» — спытаў Слядак, звяртаючыся да Імбэцыла.

Той адвярнуў галаву і зацята маўчаў.

Да іх падыходзіла ўжо медсястра — сівая, з мяккімі рысамі твару, стомленая жанчына. У роце яна трымала прыпаленую цыгарэту.

«Тэстулы выдалены прафесійна, — з ноткай сарказму патлумачыла яна, — заражэння няма, усё зажыве, ён хіба што патаўсцее».

«Чуеш ты, вычварэнец? — сказаў Шэрыф. — Цяпер у цябе ўсё будзе пуцём, ха-ха… Аніякіх праблем».

«Ды пайшлі вы…» — прасіпеў Імбэцыл.

«Ну, ціха, ціха. Не крыўдуй, — падміргнуў Следаку Шэрыф. — Раскажы нам усё. А то ты ж мяне ведаеш, я магу і раззлавацца».

Імбэцыл загаварыў праз сілу і з яўнай неахвотай:

«Як мы ўцяклі, я ў першы дзень прасядзеў у лесе, а потым адвязаў лодку і паплыў на востраў, бо мяне шукалі. Там на мяне напалі».

«Так-так, — падбадзёрыў Шэрыф. — Напаў хто?»

«Тры жанчыны. Яны звязалі мяне і парэзалі».

«Яны што-небудзь табе гаварылі?»

«Не».

«Як яны выглядалі?» — спытаў Слядак.

Імбэцыл махнуў рукой і зноў адвярнуўся да сцяны.

«Гавары, — загадаў Шэрыф, — а то я табе зараз адрэжу і тое, што ў цябе засталося».

«Не палохайце яго. Ён у шоку, — патлумачыла медсястра. — Вы ж павінны ведаць, што страх перад кастрацыяй не звычайны страх, а нават нешта большае».

«Ну, пераканалі, — згадзіўся Шэрыф але, тым не менш, зноў звярнуўся да хворага. — Дык ты скажы нам па-добраму, як яны выглядалі?»

Імбэцыл расціснуў зубы.

«У іх былі птушыныя галовы», — сказаў ён.

«Мо ў тваёй галаве птушыныя мазгі, ці як?» — спытаў Шэрыф злавесна.

«Галовы як у птушак. З дзюбамі, больш я нічога не скажу».

Шэрыф няўпэўнена засычэў.

«Няйначай сімулюе? — спытаў ён у медсястры. — Што гэта за мутняк у яго галаве?»

«Не думаю. У яго, магчыма, звычайнае пасляшокавае трызненне. Зойдзеце пазней».

Шэрыф памарудзіў, але згодна кіўнуў, і яны выйшлі вонкі. На ганку ён затрымаў Следака за руку і абвясціў:

«Як толькі гэты вычварэнец ачуняе, я яго зноў арыштую».

* * *

Слядак прачнуўся рана, але сонца ўжо стаяла на ўсходзе. Тым не менш спёка яшчэ не паспела набраць моц, і ён пачаў рыхтавацца: праглынуў, старанна разжаваўшы, невялікі кавалак сала з мінімумам хлеба — вугляводы яму цяпер без патрэбы, захапіў плаўкі, прыхапіў і нож, але перадумаў, бо ён будзе толькі перашкаджаць у вадзе, апрануў шорты, красоўкі на ногі і так, голы па пояс, пайшоў да возера звыклай дарогай, як і хадзіў раней.

Паселішча прачыналася: там-сям ляпалі дзверы, гэта беднякі збіраліся ісці на плантацыі цыбулі, бульбы, цукровых буракоў і капусты — усё гэта па восені забяруць у Мегаполіс, пакінуўшы ў сельскагаспадарчым кластэры тое-сёе з прамысловых тавараў, вопраткі і танных медыкаментаў. Чуліся ўжо нізкачастотныя гукі барабанаў — дзе-нідзе паўключалі музычныя апараты. На плантацыях таксама штодня працавалі пад рытмічную афрыканскую музыку.