Читать «Эрыніі» онлайн - страница 21

Юры Станкевіч

«Што вам ад мяне трэба?» — спытаў Крэз. На яго даўно няголеным твары заблішчэлі кропелькі поту.

«Выпіце, — Слядак наліў у шклянкі, — і пагаворым шчыра».

«Пра што?»

«Пра розныя дробязі».

«Напрыклад, якія?»

«Вы раней жылі ў Мегаполісе, але з’ехалі сюды, у Паселішча — навошта? Зрэшты, гэта ваша асабістая справа і вы можаце не адказваць», — асцярожна заўважыў Слядак.

Крэз усміхнуўся, але неяк нявесела.

«Я проста адчуў вялікі дыскамфорт, бо заўважыў, што беламу ўжо нельга гучна размаўляць на вуліцы, а варта хадзіць ціха, пакорліва і не сустракацца позіркамі з сустрэчнымі цёмнаскурымі ці з мусульманамі — гэта адразу выклікала агрэсію, асабліва з боку падлеткаў. Вы ж, пэўна, таксама сутыкаліся з падобнымі праявамі так званай дэмакратыі. Аднойчы мне плюнулі ў твар. У вагонах цягнікоў на цябе глядзяць як на чужынца, могуць зняважыць, а то і напасці з нажом. Вядома, я разумею прычыну. Доўгі час Атлантычная Цывілізацыя панавала ў свеце і цёмнаскурыя адчувалі вялікі ўціск. Цяпер усё перакулілася. Я змяніў і не раз месца пражывання. Адзін квартал, другі, трэці, а потым увогуле з’ехаў сюды. Вядома, пасля Катастрофы лепш было заставацца ў Мегаполісе, дзе хоць электраэнергію падаюць некалькі гадзін у суткі і можна раздабыць такія-сякія медыкаменты, але я з’ехаў».

«І тут вам камфортна?»

«Ужо не. Але я стаміўся бегаць».

«Многія супраціўляюцца, бяруцца за зброю».

«Я — не расіст. Я зразумеў, што калі той ці іншы народ атлусцее, пачне выраджацца, стане баязлівы, дурны і непаваротлівы, пачне балбатаць пра дэмакратыю, то побач абавязкова з’явяцца драпежнікі — другі народ, асобы са здаровым генафондам, якія ў стане нармальна і паскорана размнажацца, — і яны знішчаць дэгенератаў і садамітаў. Потым самі пачнуць выраджацца, а большасць людзей, якія жывуць у любую эпоху, ніякага здаровага патомства ўжо праз пяць-дзесяць пакаленняў не дадуць, бо іх патомкі будуць вырадкамі і загінуць. Хіба не мелі мы ўсё гэта ў Еўропе?»

Слядак маўчаў.

«Мне нават смешна, — дадаў Крэз, — калі я чытаю ў старых кнігах пра мэты папярэдняга пакалення: белыя імкнуліся зарабляць больш грошай, каб пад старасць смачна есці і купляць дарагія лекі, захапляцца секстурызмам і каб чорныя працавалі. Але яны, чорныя, не хацелі працаваць, а хацелі сексу з белымі жанчынамі і каб дурнаватыя белыя гэта аплачвалі».

«Вы хочаце сказаць, што ў чалавецтве спрадвеку запушчаны механізм генетычнага выраджэння?» — спытаў Слядак зацікаўлена.

«Магчыма, і так».

«І як, па-вашаму, з ім змагацца?»

«Не зусім карэктнае пытанне».

«Але ж павінен жа быць нейкі адказ?»

«Я дам вам адказ, але гэта, бадай, толькі маё бачанне свету. На тое, што адбывалася ў Еўропе сто гадоў назад, адказам, хоць і не зусім адэкватным, была вайна. Але ж усё-такі гэта быў адказ. Цяпер адказу няма. Праблему не здолелі нават акрэсліць, і канец, вы самі бачыце, ідыёцкі».

«Я не рызыкаваў бы выказваць нават цяпер такія думкі ўголас», — сказаў Слядак.

«Мне можна. Я бедны, па-іхняму блажэнны… і ўжо зусім стары».