Читать «Эрыніі» онлайн - страница 22

Юры Станкевіч

«Але ж паслухайце, — раптам захваляваўся Слядак, — з вашых слоў вынікае, што будучыні ўвогуле няма?»

«Чаму ж няма? Яна ёсць: кароткая, абрыдная і тужлівая. Думаць трэба было яшчэ заўчора, а ўчора дзейнічаць. Замест гэтага стваралі бачнасць суцэльнага свята, выхавалі спачатку так званага гома фэстывус, дазволілі на глум сабе гомасексуальныя шлюбы, распладзілі хамаў, педэрастаў і садамітаў замест ваяроў, так што працэс незваротны. Пішыце завяшчанні. Як казаў старажытны філосаф, з вялікага лёсу нарадзілі мыш. Імя гэтай мышы — гома іноксіс, чалавек бесклапотны. У ім няма ні жорсткасці, ні волі да ўлады, ні моцы. Ён з’явіўся ўжо дзесяць гадоў назад, калі адбыліся генетычныя змены ў сексуальнай і інтэлектуальнай сферы, пачалі ўвогуле губляцца палавыя прыкметы, узнікла магчымасць кіруемай мабілізацыі рэсурсаў галаўнога мозгу, падключэння індывідуальнай памяці да рэсурсаў камп’ютэрных банкаў інфармацыі, уключаючы алгарытмы вырашэння задач творчага характару, праграміравання перакадзіроўкі сваёй асобы. Распрацоўвалася ўжо тэлетаксія — падключэнне да мозгу індывіда саматычнага дублёра, напрыклад кібарга, які знаходзіцца ў іншым месцы: на дне акіяна ці на Месяцы. Але тут, даруйце, і адбылася Катастрофа. Магчыма, усё было б правільна, каб яна здарылася хоць на пяць ці дзесяць гадоў раней. Ну, вядома, без ядзернага калапсу. Тады не было б зачыстак сярод эліты і ад простага люду не хавалі б ідэю пра Сімуляцыю. Баяліся бунтаў і смуты, а атрымалася намнога горш».

«І ўсё-такі я не разумею, — праз паўзу сказаў Слядак, — як вы, навуковец, чалавек ведаў, так бы мовіць, існуеце тут у галечы, без аднадумцаў, верыце ў нейкіх міфічных эрыній?»

Крэз толькі ўсміхнуўся.

«А па-мойму, гэта і ёсць сапраўднае жыццё, няхай сабе і неймаверна прывіднае. Тым больш, калі ўсё навокал не што іншае, як вібрацыі якіх-небудзь кваркаў. А наша рэальнасць, згадзіцеся, да такой ступені інфернальная і абцяжараная Злом (з вялікай літары), што ў параўнанні з ёй любая нежыць, погань, пачвары аказваюцца рамантычнымі і нават ратавальнымі. Гэта зурабам і ларыёнам і расплоджаным імі дэгенератам са шпрыцамі і „дазняком“ у кішэнях процістаяць упыры, гномы, лесавікі, вадзянікі, галемы, эрыніі… Іх цяпер і клічам на дапамогу…»

«Усё гэта з галіны міфаў. Якія там, да д’ябла, галемы, упыры, эрыніі?»

«Я іх бачыў».

«Каго гэта — іх?»

«Эрыній».

«Што ж вы, шаноўны, прабачце, зноў дурня ўключаеце?» — раптам аж незалюбіў Слядак.

На твары Крэза з’явілася нешта накшталт пяшчотнага натхнення.

«Я не маню».

«Дзе вы іх бачылі?» — вяла пацікавіўся Слядак.

«Тут. На востраве».

Слядак зноў скептычна ўсміхнуўся, але спахапіўся і вінавата схаваў усмешку.

«Я ўжо гадзіну, як ведаю ад Шэрыфа, што ў вас начавалі збеглыя жанчыны з так званых месцаў прымусовага працоўнага выхавання. Я знайшоў іх бранзалеты. Дарэчы, куды дзеліся тыя „хімічкі“?»

«Гэта былі зусім не „хімічкі“, — праз паўзу, сур’ёзна, нават з запалам азваўся стары. — Я адразу зразумеў, хто яны такія».

«І яны назвалі сябе, прадставіліся вам, расказалі чаму тут апынуліся?»