Читать «Эрыніі» онлайн - страница 23

Юры Станкевіч

«Не зусім так. Але я сам пра ўсё здагадаўся. Як вы, магчыма, ведаеце з міфалогіі, эрыній было тры. Адну з іх звалі Тысіфона, другую — Алекта, а трэцюю — Мегера. Чаму яны тут, я не ведаю, дый хто можа ведаць, акрамя іх саміх? Да таго ж, мяркую, яны, магчыма, ужо адсюль зніклі».

«У вышуку не міфічныя істоты, а збеглыя злачынкі, — сказаў Слядак. — І куды ж яны зніклі, спілаваўшы ў вас свае бранзалеты?»

«Каб і ведаў, то не сказаў бы. Яны былі маладыя, прыгожыя дзяўчаты, шчырыя, сумленныя, але, як бы вам сказаць, вельмі суровыя, змрочныя, і ад іх веяла помстай. Пэўна, яны шмат пакутавалі».

«Вы хоць разумееце, што, паводле цяперашніх законаў, пакрываеце злачынак?»

«Вынікае, што так, — сказаў стары. — Можаце данесці, і мяне забяруць, я заўсёды гатовы. Не ў першы раз».

Слядак усміхнуўся, але неяк з горыччу.

«Я не збіраюся пакаваць вас на нары, — сказаў ён, — бо і сам не заракаюся. Такі цяпер час. А вы з вашымі ідэямі падпадаеце пад іншы прэс, так што будзьце абачлівыя. А што тычыцца вось гэтага, — ён паказаў на сапсаваныя бранзалеты, — то я знайшоў іх, скажам так, пад плотам, толькі і ўсяго».

«Я рад, што вы сумленны чалавек», — сказаў Крэз.

«Да таго ж, — дадаў Слядак, — я тут паруся па дробязі, а дакладней, па справе Імбэцыла».

Крэз недаверліва ўсміхнуўся.

«Нядрэнна стараецеся. Толькі ўчора, як я чуў, Імбэцыл уцёк. А вашы інтарэсы далёкія ад яго сексуальных адхіленняў — хіба не так? Вы былі ў Зары?»

«Пакуль не паспеў».

«Скажу вам шчыра, я ніяк не магу зразумець, чаму нашы ж людзі, так званыя дэмакраты, яшчэ раней пасадзілі нам, а ўрэшце і сабе на шыю набрыдзь накшталт яе, яе мужа-нябожчыка, сваякоў, і таго ж Ларыёна, і ўсіх іх памагатых? Цэлыя пакаленні селі на іголку і сталі дэгенератамі, падобнымі да Імбэцыла, менавіта праз такіх, як яны. Каму цяпер асвойваць, да слова, Космас? Каму абараняць сваіх дзяцей і баб?»

«Вы супярэчыце сабе, — сказаў Слядак. — Крыху раней вы гаварылі пра варвараў са здаровым генафондам, якія прыходзяць на змену атлусцелым цельпукам і лабідудам, знішчаюць іх і — што гэта непазбежна».

«Выходзіць, што так. Народу нельга жыць у раскошы. Успомніце старажытных рымлян, якія зніклі адразу, як толькі загразлі ў дастатку і распусце. Баб сваіх, так бы мовіць, эмансіпіравалі. Дэмаграфія — гэта лёс. Успамінаецца рымскі паэт Руцылій Намацыян: „і пераможаны народ перамоганосных гняце“, ха-ха… іншае слова просіцца… Але ж вось ёсць закрытыя расы, якія размножыліся ў свеце. Кітайцы, напрыклад».

«Па-вашаму, хто мог „замачыць“ спачатку Зураба, а потым Ларыёна?» — адхіліўся ад яго абстрагаванняў Слядак.

«А-а, вось што вас цікавіць, вось чаму вы тут», — сказаў стары.

«Не маглі яны варагаваць паміж сабой?» — спытаў Слядак.

«Малаверагодна. Спачатку пачалі б біцца іх халопы. Але такога, быццам, не адсочвалася. Так, гніль, наркаманы, тыя, хто корміцца з наркатрафіку. Паміж імі і разборкі».

«Што ж, — падвынікаваў Слядак. — Вось і пагаварылі. Што трэба найперш за ўсё? Інфармацыя!»

Апоўдні спёка павялічвалася. Слядак заўважыў, што лісце на тонкіх атожылках, якія выпусцілі дрэвы ў пачатку лета, скруціліся ў трубачкі і пачарнелі, а трава на зямлі высахла і пажоўкла.