Читать «Эрыніі» онлайн - страница 20

Юры Станкевіч

10.06.2036 г. Штучнік (псеўда)».

«Некалі, тады яшчэ існавала школа, ён працаваў настаўнікам гісторыі, — сказаў Шэрыф. — Цяпер вось знайшоў сабе занятак. Зрэшты, ён „даносіў“ і раней. Хобі».

«Спадзяюся, вы не дасце гэтаму ходу?» — спытаў Слядак, вяртаючы паперу.

«Ён дасылае лісты і поштай у Мегаполіс. Я іх часам перахопліваю, бо ў мяне на пошце свой чалавек», — ухіліўся ад прамога адказу Шэрыф.

«Дарэчы, — пацікавіўся Слядак, — вы злавілі Імбэцыла?»

«Ловім».

«Я, урэшце, зайшоў не за гэтым, — сказаў Слядак. — Хачу спытаць: што вы ведаеце пра Зару?»

«Надзвычайная сцерва, наколькі я ведаю».

«Мне трэба з ёй пагаварыць наконт яе мужа-нябожчыка».

«Ад яе стагналі і стогнуць усе яе падняволеныя, асабліва тыя, хто на „хіміі“. Нехта ў Мегаполісе прыкрывае гэтую пачвару».

«Вось яно як…»

У паўзе Слядак разглядаў брутальны твар Шэрыфа. Чымсьці яму той нават падабаўся. Хутчэй за ўсё, праматой, але цяпер не той час, каб гэтая рыса характару садзейнічала ўдачы ці поспеху, а вось скараціць жыццё магла лёгка.

«Ну я пайшоў, — сказаў ён і падняўся з крэсла. — Прывет Імбэцылу».

Шэрыф усміхнуўся.

«Хутка пабачыцеся. Ужо ўзялі яго след».

«Ну а Зара, да слова, вам не па зубах?»

«А вам? Хіба не ў вас учора начавала адна з яе акальцаваных? — пакпіў яму ў спіну Шэрыф, калі Слядак ужо адчыняў дзверы. — Вось у яе ўсё, што вас цікавіць, і спыталі б».

«Вашаму сексоту цаны няма. Вы б яго ў памочнікі і вызначылі», — усміхнуўшыся, адпарыраваў Слядак.

Ён выйшаў вонкі, але пайшоў не да незнаёмай яму Зары, а назад, да Крэза. Там, як ён адчуваў, магчыма, і хаваецца тое, што яго цікавіць.

Старога ў доме не аказалася. «Пэўна, пайшоў у краму», — здагадаўся Слядак і раптам успомніў: той нешта прыхоўваў ля плота. Ён прыхапіў рыдлёўку і лёгка знайшоў месца, дзе зямля была свежаўскапанай і не паспела яшчэ высахнуць ад спёкі.

Слядак паціху ўвагнаў лязо рыдлёўкі ў зямлю і выкінуў пясок. Нешта бразнула і бліснула на сонцы. Ён падняў — у руках у яго знаходзіўся электронны апазнавальны бранзалет, перапілаваны пасярэдзіне і скрыўлены. Слядак капнуў і выкапаў яшчэ два такія ж. Ён таропка запіхаў іх у кішэню і аднёс рыдлёўку на месца.

Прыкладна праз паўгадзіны вярнуўся стары. Крэз нёс сумку з ежай, тырчэла адтуль і рыльца бутэлькі, і ён быў яўна задаволены.

«Што трэба ў трывожны час? — спытаў ён свайго кватаранта і тут жа адказаў сам сабе: — Шклянку віна і спакой, хіба не так?»

«Прысядзем за стол, — сказаў яму Слядак. — У мяне да вас размова, ці, як кажуць блатныя, базар».

«Размова — гэта добра. Не так ужо і часта знаходзяцца ахвотнікі размаўляць з бедным старым».

«На вас паступіў данос, — не даў яму апомніцца Слядак. — Вы суткі хавалі беглых „хімічак“, якія зламысна парушылі закон. Гэта — па-першае».

«А па-другое?»

«А па-другое, як было там адзначана, вы не толькі верыце самі, але і распаўсюджваеце ідэю Сімуляцыі».

«Лухта. Як юрод, я маю права фантазіраваць».

Слядак дастаў з кішэні і кінуў на стол пашкоджаныя бранзалеты.

«А гэта — юродства? За гэта — гады катаржных работ. Я павінен папярэдзіць вас, — і ён зрабіў працяглую паўзу, — я гэта здзяйсняю, калі ўжо мы з вамі гуляем у адкрытую».