Читать «Эрыніі» онлайн - страница 19

Юры Станкевіч

«Хто?»

«Зара».

Крэз крыху падумаў.

«Значыць, ёй трэба паслуга ў адказ, — урэшце выказаў ён сваю думку. — Тут усё не проста так».

Вярнуўшыся, Слядак не стаў пытаць дзяўчыну ні пра яе імя, ні пра што іншае. Дый што можна выведаць у робата, зомбі?

У ложку яна механічна выконвала быццам запісаную ў ёй раней праграму: пачала з аральнага сексу, потым села на яго верхам, ашчаперыўшы нагамі, — поза, забароненая мусульманамі, — і нават аргазм, якога яна ўрэшце дасягнула, быў у яе ціхі, нібы прытоены.

Ноччу Слядак прачынаўся — ён заўсёды спаў чуйна. Пад раніцу, а світала хутка, у Паселішчы зноў пачуліся стрэлы, ён выйшаў вонкі, захапіўшы нож, але неўзабаве ўсё сцішылася, і ён вярнуўся. Дзяўчына ляжала на канапцы ў куце — ложак быў цесны для дваіх, і як ён вырашыў, ужо не спала, хоць вочы яе былі заплюшчаныя. Слядак паваліўся ў ложак, сунуў нож пад падушку і нечакана для сябе моцна заснуў.

Калі ён прачнуўся, дзяўчыны ўжо не было. Ён апаласнуўся пад самаробным душам на падворку і пагаліўся. Выпадкова Слядак убачыў, як Крэз, азіраючыся, нешта таропка прыкідваў ля плота зямлёй. «Што б гэта магло значыць?» — падумаў Слядак і вырашыў праверыць пасля.

Збольшага паснедаўшы, ён зноў даў старому грошай і папрасіў таго набыць у краме прадуктаў.

«Агаладаліся? — спытаў той з іранічнай усмешкай. — Як прайшла ноч?»

«Непадалёку стралялі. Я выходзіў на двор».

«З дзяўчынай ці адны?»

Слядак усміхнуўся, даючы зразумець, што адчувае гумар, і сказаў:

«Я да ўчастковага, а потым зайду да той самай Зары. Падарунак, пэўна, трэба адпрацаваць?»

У Шэрыфа сядзеў Штучнік. Тое, што гэта менавіта ён — асноўны інфарматар участковага, Слядак чамусьці здагадаўся адразу. Гэта быў невысокі ў гадах чалавек з выбягаючым наперад ілбом і выступаючай яйкападобнай патыліцай. У анфас галава яго нагадвала пілотку. Урэшце, ён выглядаў даволі акуратна і нават прыстойна, бо нягледзячы на спёку, быў апрануты ў адпрасаваныя штаны і пінжак і нават пры гальштуку.

Пабачыўшы незнаёмага яму наведвальніка, Штучнік вымушаны быў сысці. Зрабіў гэта ён з яўнай неахвотай.

«Ноччу стралялі», — сказаў Слядак, сядаючы ў крэсла, з якога раней падхапіўся інфарматар.

Шэрыф паціснуў плячыма.

«Што вам паведаміў Штучнік, калі не сакрэт?» — спытаў Слядак.

«Чаму вы вырашылі, што гэта ён?»

«Ды годзе, я яго адразу „прабіў“».

«Так, — праз паўзу здаўся Шэрыф. — Гэта ён, і прыйшоў да мяне з чарговым, так бы мовіць, „паведамленнем“. Можаце азнаёміцца. Магчыма, гэта вас зацікавіць».

Шэрыф адкрыў сейф, выцягнуў адтуль аб’ёмістую папку і дастаў з яе верхні ліст.

«Чытайце», — сказаў ён.

Слядак узяў з яго рук паперку і пачаў чытаць. Данос быў кароткі:

«Паведамляю наступнае. Некалькі дзён назад у пасяленца на мянушку Крэз спыніліся і правялі амаль суткі трое жанчын, якія ўцяклі з працоўна-папраўчых работ. Крэз не паведаміў пра іх, хоць павінен быў зрабіць гэта адразу. Куды зніклі жанчыны — я не ведаю. Наконт Крэза даводжу, што ён па-ранейшаму з’яўляецца прыхільнікам варожай тэорыі пра тое, што наша дэмакратычная Цывілізацыя, якая служыць народу, не з’яўляецца базавай, а існуе ў Сімуляцыі.