Читать «Эрыніі» онлайн - страница 18

Юры Станкевіч

«Зара ведае, хто я?»

«Так, — кіўнула дзяўчына. — Больш-менш».

«І ведае, навошта я сюды прыбыў?»

Дзяўчына зноў, але няўпэўнена кіўнула ў адказ.

«І нават вырашыла, што мне патрэбна жанчына на ноч і даслала менавіта вас?»

«Я ні на што не хварэю, і ў мяне ёсць з сабой кантрацэптывы».

«А чым я буду абавязаны Зары за такую паслугу?»

«Яна скажа вам гэта пры асабістай сустрэчы. Вось я пакідаю вам нумар яе надалонніка».

Лёгкімі рухамі дзяўчына скінула з сябе сукенку, а потым і ўсё іншае і зноў лягла на ложак.

Жанчыны Мегаполіса ў сваёй асноўнай масе былі не такія. Маленькія, з нямытымі валасамі галоўкі, блатная мова, крыклівасць, істэрычнасць. Разам з тым амаль атрафіраваная здольнасць нараджаць дзяцей, гатаваць больш-менш прыстойную ежу, ранняя даступнасць — доза ці алкаголь, альбо грошы, альбо якія танныя пацеркі ці завушніцы і абсалютная адсутнасць хоць якога намёку на пачуццё нацыянальнай, у рэшце рэшт, агульначалавечай годнасці.

Многія з іх, як ён лічыў, набылі характэрныя рысы істэрычна-мазахісцкага псіхозу, які іншым разам выяўляўся вельмі дзіўнымі ўчынкамі. Так, некаторыя ішлі ў паслугачкі да цёмнаскурых, станавіліся там ніжэй за рабынь, другія абкрадалі сваіх бацькоў і з украдзеным уцякалі ў іншыя землі да якога-небудзь Мустафы, трэція нараджалі мяшанцаў, чацвёртыя кідалі іх на волю лёсу. Асабліва здзівіла яго адна гісторыя пра дзяўчыну, якая ўвесь час збірала грошы, каб паехаць за акіян, у Індыю,  дзе жыў яе любімы кінаакцёр. Яго фотаздымкамі яна заклеіла ўсе сцены ў сваёй кватэрцы і штодня малілася на іх. Патрэбнай сумы аніяк не збіралася, і яна пачала разносіць «дазняк», потым абрабавала і задушыла нейкую старую, трапіла ў турму, але і там пачынала кожны дзень з пацалунка фота яе далёкага абранніка і марыла пра тое, як яна выйдзе на волю, назбірае грошай і паедзе ў той горад ды ўсяго толькі пройдзецца па той вуліцы, падыхае тым паветрам, дзе знаходзіўся яе кумір…

З гэтай было нешта іншае. Механічная пакорлівасць лялькі, гатоўнасць выканаць любое жаданне, пусты позірк.

Слядак думаў нядоўга, у рэшце рэшт ён нічога не губляў. Натуральнае здаровае жаданне варухнулася ў ім пры выглядзе гэтага аголенага маладога цела. Тым не менш ён выцягнуў з сумкі прадукты, якія набыў у краме, паклаў на стол, туды ж паставіў і бутэльку віна, пасля чаго спытаў, ці не хоча дзяўчына павячэраць разам з ім?

Моўчкі тая падхапілася з ложка, накінула на плечы коўдру і пачала наразаць хлеб.

«Ты даўно ў Зары?» — спытаў Слядак.

«Так», — кіўнула дзяўчына.

«Дзе твае бацькі?»

«Не ведаю».

«Прастытуцыя — твой асноўны занятак?»

«Не заўсёды. Я — пакаёўка».

Распытваць далей не было сэнсу. Слядак хацеў сабраць са стала рэшткі ежы, але дзяўчына яго апярэдзіла і хутка зрабіла ўсё сама. Яна скінула з сябе коўдру, якая вісела на ёй накшталт хітона, і зноў апынулася ў ложку. Слядак, пакуль тое, схадзіў да Крэза і аднёс яму віна.

«Мне прыслалі дзяўчыну на ноч», — паведаміў ён.