Читать «Эрыніі» онлайн - страница 17

Юры Станкевіч

«А якая розніца?»

«Мяркую, розніца ёсць. Гняздуюцца ж заўсёды парамі. Іх там павінна быць дзве, чатыры ці шэсць».

«Справа ж вам да нейкіх чаек, — буркнуў Шэрыф і раптам дадаў: — Імбэцыл збёг».

«Ну і як яму гэта ўдалося?» — з ноткай здзеку пацікавіўся Слядак.

Шэрыф падхапіўся з месца і пачаў хадзіць туды-сюды па цеснай прасторы свайго кабінеціка, дзе ў куце грувасціўся сейф, а з другога боку стаялі стол з састарэлым тэлефаксам, графін з вадой і два крэслы. Твар яго набыў барвовае адценне.

«Як я вам даўно казаў, мне патрэбен талковы памочнік. У мяне два паліцыянты — два дурні з мясцовых, якія ні на што не вартыя. А псіхапаты калі-нікалі бываюць вельмі хітрыя».

«Ды чорт з ім, — сказаў Слядак. — Зловіце».

«Ён не акальцаваны. Без бранзалета. Тут нядаўна з завода нябожчыка Зураба збеглі тры жанчыны, ну з тых, каго з Мегаполіса выслалі на працоўнае перавыхаванне, як раней казалі — на „хімію“. Вы павінны даведацца: умовы на тым заводзіку горш чым рабскія. Прыбылых і наймітаў — тых, хто па дурасці нанімаўся на працу, каб не „зажмурыцца“ ад голаду, трымалі ў клетках, некаторых на ланцугах, усё гэта за трохметровай бетоннай агароджай. Там, дарэчы, жанчыны і працавалі. Потым спілавалі бранзалеты і ўцяклі. А без тых бранзалетаў злавіць уцекачоў вельмі цяжка. Нават якога-небудзь Імбэцыла».

«Іх так і не злавілі — тых жанчын?» — спытаў Слядак.

«Не. Пакуль. Зрэшты, я і не збіраюся высільвацца на гэтым напрамку. І пляваць мне на чыесьці загады», — сказаў як адсек Шэрыф.

«Вы не спрабавалі даведацца, па якіх артыкулах выслалі на прымусовую працу тых трох „хімічак“? — спытаў Слядак. — Хто яны такія: пахатніцы, падманшчыцы, клафеліншчыцы?»

«Не. Яны не з прыблатнёных».

«Вы запытвалі праз Сеціва?»

«Але. Іх увогуле няма ў картатэцы, што вельмі дзіўна».

«Так, — падвынікаваў Слядак, — мне варта пайсці падмацавацца і тое-сёе абдумаць».

«Не купляйце толькі мясцовых піражкоў», — змрочна рагатнуў Шэрыф.

«Чаму?» — вяла пацікавіўся Слядак.

«Яны іншым разам бываюць з чалавечынай».

«Дарэчы, — спытаў ужо ў дзвярах Слядак, — а як гэта Імбэцыл здолеў уцячы?»

«Звычайна, праз сцяну. У „малпачніку“ кладка ў палову цагліны. Вось яны і праламалі лаз. Дадумаліся. Урэшце, траіх ужо злавілі, бо яны былі акальцаваныя».

* * *

Крэз сустрэў яго на парозе.

«Там вам жывое пасланне, — незадаволена і з сарказмам сказаў стары, кіўнуўшы на дзверы ў прыбудову. — Можаце зірнуць. Яна чакае ўжо з поўдня».

«Хто гэта — яна?» — неўразумела спытаў Слядак.

«Мне, на жаль, не даклалі. Дзяўчына. Яна сама, мяркую, раскажа».

Заінтрыгаваны Слядак адчыніў дзверы. Дзяўчына — мулатка на выгляд, але з вельмі светлай скурай ляжала на яго ложку. Яна не выказала ні страху, ні радасці, ні простай зацікаўленасці. У яе былі цёмныя простыя валасы, правільных рысаў тварык і электронны бранзалет на запясці левай рукі.

Слядак не згубіў пачуцця гумару.

«Вам што, толькі тут утульна?» — спытаў ён.

Яна лёгка падхапілася з ложка і стала перад ім. Стройная постаць, лёгкая сукенка вышэй за калені.

«Мяне прыслала Зара. Я застануся з вамі ноччу».

Нічога не выяўляючы позірк, пакорлівасць ва ўсім. Адна з рабынь Зары, жонкі забітага Зураба. Слядак адчуў, як яго ахоплівае прыступ раздражнення, але стрымаў сябе.