Читать «Эрыніі» онлайн - страница 16

Юры Станкевіч

«Пракансультуйцеся з якім біёлагам ці праз Сеціва, — папрасіў ён. — Мне трэба ведаць пра птушак, хутчэй за ўсё гэта чайкі: ці існуюць сярод іх асобіны вялікіх памераў і ці ў стане яны напасці на чалавека і, напрыклад, у вадзе знішчыць яго?»

Слядак зноў узяўся за бінокль і навёў аб’ектыў. Панарама вострава марудна плыла ў яго перад вачыма. Хмызняк, кволыя, скрыўленыя дрэвы, іржавыя лужыны балотцаў, пакрытыя раскай трава, зараснікі. Пуста. Але ж ён бачыў птушак. І вельмі вялікіх.

Праз некалькі хвілін надалоннік засігналіў, і ён прыняў паведамленне. Слядак стаў чытаць на дысплеі:

«Падвід чаек, так зв. чайка серабрыстая, рагатуха (larus arqentatus) — нешматлікі гняздоўны від, корміцца рыбай, грызунамі, ягадамі. Даўжыня цела да 1 м, размах крылаў да 2 м. Маса — 1,5–2 кг. Апярэнне белае, спіна блакітнавата-шэрая, канцы крылаў чорныя. Дзюба жоўтая, ногі бледна-жоўтыя. Голас „йах-йах-йах…“. Кладка з 2–3 яец. Наседжанне 26–30 дзён. У гэты час асабліва агрэсіўная. Зафіксаваныя напады на плыўцоў са смяротным канцом. Зімуе на Паўночным моры».

Слядак успомніў, як вырашыў яшчэ ўчора, што сплавае на востраў, але і цяпер адклаў гэта на потым: ён спачатку знойдзе якую лодку і захопіць з сабой зброю, можа, нават возьме на гадзіну ў Шэрыфа свой рэвальвер.

Ён спусціўся са стромістага берага і пакрочыў назад, у Паселішча. Некалькі разоў яму насустрач трапляліся сапраўдныя апушчэнцы: абадраныя, у зашмальцаванай вопратцы, з апухлымі сінімі тварамі. Ад некаторых за некалькі метраў несла мачой. Усе яны прасілі грошай на дзікай сумесі існуючых у гэтых месцах моў.

Ужо на падыходзе да крайніх халуп ён напароўся на чацвярых цёмнаскурых падлеткаў, якія, пэўна, па чарзе савакупляліся з белай малалеткай, якая моўчкі ляжала ў траве, рассунуўшы ногі. Слядак разагнаў іх выспяткамі, а малалетку, запалоханую і ачмурэлую, павёў дамоў, папярэдне спытаўшы, дзе яна жыве. Наўрад ці тут быў гвалт, але Слядак адразу ўспомніў пра сястру і з цяжкасцю стрымаў сябе ад самасуду: урэшце, гэта тут цяпер, як ён ведаў, была звычайная з’ява.

Ён адразу скіраваў у пастарунак, дзе спадзяваўся знайсці Шэрыфа, і сапраўды, той быў там, але надзвычай пахмурны з выгляду. Шэрыф скептычна паслухаў пра малалетак, запісаў адрас дзяўчынкі і паабяцаў разабрацца.

«Дарэчы, — спытаў яго Слядак, — вы даўно наведвалі востраў?»

Шэрыф здзіўлена засычэў.

«Там балота і поўна гадзюк. Што я там згубіў?»

«У тым месцы лётаюць вялізныя птушкі».

«Так, нехта казаў мне, што тры чайкі пачалі там гнездавацца».

«Тры — а не чатыры?» — спытаў Слядак.