Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 64

Антуан Сент-Экзюпери

Горла ў мяне па-ранейшаму перацiснута, гэта кепская прыкмета, аднак я чуюся лепей. Я спакойны. Надзеi больш няма, а я спакойны. Звязанага па руках i нагах, нясе мяне пiрацкi карабель, плыву пад зоркамi, i спынiцца - не ў маёй уладзе. Але, бадай, я не гэткi ўжо й няшчасны...

Калi зусiм не варушыцца, холаду ўжо не адчуваеш. I я нерухома драмлю ў пяску. Болей я не варухнуся, а значыць, i пакутаваць не буду. Дарэчы, калi шчыра, пакут амаль няма... Пакуты злiваюцца ў суладдзi стомы i гарачкi. I ўсё абарочваецца кнiгай з малюнкамi, цудоўнай, трошкi жорсткай казкай... Толькi што вецер цкаваў мяне сабакамi, i, каб уцячы ад яго, я круцiўся ваўчком, як загнаны звер. Потым стала балюча дыхаць. Нехта навалiўся мне на грудзi каленам. Калена душыла. I я намагаўся скiнуць гэты цяжар, я адбiваўся ад анёла смерцi. Нiколi я не быў у пустынi адзiн. Цяпер я ўжо не веру ў рэальнасць наваколля - i занурваюся ў сябе, заплюшчваю вочы, болей я i павейкаю не варухну. I плынь уяўлення адносiць мяне - я адчуваю гэта - у забыццё: рэкi супакойваюцца ў бязмежжы мора.

Бывайце ўсе, каго я любiў. Не мая вiна, што чалавечае цела не можа змагацца са смагай болей трох сутак. Не думаў я, што мы ажно гэткiя вязнi крынiц. Не падазраваў, што наша незалежнасць такая абмежаваная. Мяркуецца, што чалавек можа iсцi куды вочы глядзяць. I нiхто не бачыць, што мы на прывязi ў калодзежаў, мы прымацаваны, быццам пупавiнай, да ўлоння зямлi. Зробiш лiшнi крок - i памiраеш.

Мне нiчога не шкада, шкада толькi, што вы перажываеце. У рэшце рэшт, мая доля - найлепшая доля. Калi б я вярнуўся, я пачаў бы ўсё спачатку. Я хачу сапраўднага жыцця. А ў гарадах людзi пра яго забылi.

I справа зусiм не ў авiяцыi. Самалёт - не мэта, а сродак. Зусiм не дзеля самалёта рызыкуеш жыццём. Як не дзеля плуга плужыць зямлю селянiн. Але самалёт памагае вырвацца з горада, ад пiсцоў i рахункаводаў i зноў набыць тую iсцiну, якою жыве селянiн.

Вяртаешся да людской працы i людскiх турбот. Сутыкаешся твар у твар з ветрам, з зорамi, з ноччу, з пяскамi i морам. Намагаешся перахiтрыць стыхii. Чакаеш свiтання, як садоўнiк чакае вясны. Чакаеш аэрадрома, як зямлi абяцанай, i шукаеш сваю iсцiну па зорах.

Не стану наракаць на лёс. Тры днi я iшоў, пакутаваў ад смагi, трымаўся слядоў на пяску i ўсю надзею ўкладаў у расу. Я забыўся, дзе жывуць мае сабраты, i намагаўся зноў адшукаць iх на зямлi. Гэткiя турботы жывых. I, мяркую, гэта куды важней, чым выбiраць - у якiм бы мюзiк-холе змарнаваць вечар.

Я перастаю разумець тлум прыгарадных цягнiкоў, гэтых людзей, якiя лiчаць сябе людзьмi, аднак яны ўжо так змiзарнелi пад прывычным прыгнётам, што прыпадобнiлiся мурашам, каго яны i бяруць сабе за ўзор. Чым запаўняюць яны свой вольны час, свае нiкчэмныя нядзелькi?

Неяк у Расii мне давялося чуць на адным заводзе, як iгралi Моцарта. Я напiсаў пра гэта. А потым атрымаў дзвесце зневажальных лiстоў. Я нiчога не маю процi тых, хто аддае перавагу корчмам. Яны проста не ведаюць iншай музыкi. Мне непрыемны тыя, хто трымае корчмы. Не пераношу, калi калечаць людзей.