Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 66

Антуан Сент-Экзюпери

- Мы ўсё-такi будзем iсцi, прынамсi, дойдзем хоць да тых кусцiкаў.

Гэта наш крайнi рубеж. Праз тыдзень, калi мы на машыне вернемся за рэшткамi нашага "сiмуна", выявiцца, што ў гэты апошнi паход мы адолелi восемдзесят кiламетраў. А я ўжо прайшоў каля двухсот. Дзе ж было ўзяць сiлы iсцi далей?

Учора я брыў без нiякай надзеi. Сёння самое слова "надзея" страцiла сэнс. Сёння мы iдзём таму, што iдзём. Гэтак, мабыць, брыдуць валы ў сваiх ёрмах. Учора я марыў пра райскiя апельсiнавыя гаi. Але сёння для мяне ўжо не iснуе нiякага раю. Я ўжо не веру ў iснаванне апельсiнавых гаёў.

Я ўжо нiчога не адчуваю, сэрца ўва мне высмагла. Я вось-вось упаду, але роспачы няма. Я нават не смуткую. А шкада: смутак здаўся б мне салодкiм, як вада. Калi шкода сябе - плачашся самому сабе, як сябру. Але ў мяне няма болей нiводнага сябра на свеце.

Калi мяне знойдуць, убачаць мае выпаленыя вочы, то падумаюць: як ён пакутаваў, як ён клiкаў на дапамогу! Але нашы парываннi, шкадаваннi, пакуты душы - гэта ж таксама скарбы. А ў мяне ўжо не засталося нiякiх скарбаў. Юныя нявесты ў першую шлюбную ноч спазнаюць смутак i плачуць. Смутак неаддзельны ад трапятання жыцця. А я ўжо не смуткую...

Я сам - пустыня. Ува мне не ўтвараецца не толькi слiна, ува мне ўжо не ўтвараюцца i мiлыя вобразы, якiя мог бы я аплакваць. Сонца выпетрыла ўва мне крынiцу слёз.

Але - што гэта? Подых надзеi слiзгануў па мне, як лёгкi зыб па моры. Што так раптоўна ўсхвалявала ўсю маю iстоту, хоць свядомасць яшчэ нiчога не ўлавiла? Нiчога ж не змянiлася, i ўсё-такi змянiлася ўсё. Гэты пясчаны абрус, гэтыя пагоркi i рэдкiя плямкi зяленiва - усё гэта ўжо не краявiд, а сцэна. Сцэна яшчэ пустая, але яна ўжо напагатове. Я гляджу на Прэво. Ён таксама нечым уражаны, але i да яго яшчэ не даходзiць сэнс яго адчуванняў.

Клянуся, зараз нешта адбудзецца...

Клянуся, пустыня ажыла. Клянуся, гэтае бязлюддзе, гэтая моўча раптам сталi больш хвалюючыя, чым тлум гарадской плошчы...

Мы выратаваны, на пяску сляды!..

Ах, мы страцiлi след роду чалавечага, мы былi адцяты ад свайго племенi, мы апынулiся адным-адны ў цэлым свеце, быццам рэшткi вялiкага перасялення, - i вось мы натыкаемся на ўрэзаныя ў пясок цудадзейныя сляды чалавека.

- Глядзiце, Прэво, тут разышлiся двое...

- А тут апусцiўся на каленi вярблюд...

- А тут...

I ўсё ж мы пакуль яшчэ не выратаваны. Нам зусiм недастаткова толькi чакаць. Праз некалькi гадзiн нас ужо немагчыма будзе выратаваць. Як толькi пачнецца кашаль, атака смагi будзе маланкавая. А нашы горлы...

Але я веру: дзесьцi ў пустынi мерна рухаецца караван.

Мы iдзём далей, i нечакана аднекуль даносiцца спеў пеўня. Гiёмэ расказваў мне: "Пад канец я чуў - у Андах спявалi пеўнi. А яшчэ чуў, як iшлi цягнiкi..."

Я ўспамiнаю пра гэта ў тое ж iмгненне, як заспяваў певень, i кажу сабе: "Спачатку мяне ашукалi вочы. Канечне, гэта смага вiнавата. А вось цяпер i слых падводзiць". Але Прэво хапае мяне за руку.

- Чулi?

- Што?

- Певень!

- Значыць... Значыць...

Дурню, ну вядома ж, гэта значыць - жыццё...

У мяне ўсё-такi была яшчэ адна галюцынацыя, апошняя: я бачыў трох сабак, якiя беглi адзiн за адным. Прэво, якi таксама паглядзеў у той бок, не ўбачыў нiчога. А вось бедуiна мы бачым абодва. Мы працягваем да яго рукi. Мы абодва клiчам яго штосiлы. I абодва смяёмся ад шчасця!..