Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 62

Антуан Сент-Экзюпери

- Да яго хвiлiн дваццаць хады, я пайду пагляджу...

Гэтая ўпартасць раздражняе мяне:

- Схадзiце, прагуляйцеся... гэта карысна для здароўя. Але майце на ўвазе, калi яно i ёсць там, ваша возера, яно салёнае. I пайшло яно да д'ябла! Тым болей што яго ўвогуле няма.

Але Прэво, не адрываючы вачэй ад далягляду, ужо адыходзiць. Як знаёма мне гэтая самаўладная, неадольная цяга! I я думаю: "Такiя вось шаленцы i кiдаюцца пад колы паравоза". Я ведаю, Прэво не вернецца. Гэты бязмежны абшар, як прорва, зацягне яго, запамарочыць, i ён ужо не зможа павярнуць назад. Адыдзе трошкi воддаль i звалiцца. Ён памрэ там, я - тут, i ўсё гэта мае так мала значэння!..

Мною апанавала абыякавасць, а гэта ўжо кепска. Гэткае ж супакаенне я адчуў, калi тануў. Але цяпер я выкарыстоўваю яго, разлягаюся проста на каменнi i пiшу сваё апошняе пiсьмо. Маё пiсьмо такое цудоўнае! Такое годнае! Я шчодра адзяляю ўсiх мудрымi парадамi. Перачытваю яго з нейкiм пыхлiвым задавальненнем. Людзi некалi скажуць: "Дзiвоснае пiсьмо! Як шкада, што ён загiнуў!"

Цiкава, як доўга я яшчэ пратрымаюся? Спрабую сабраць слiну: колькi часу я не сплёўваў? Але слiны ўжо няма. Калi рот закрыты, нешта цягкае склейвае вусны. Яно засыхае i ўтварае звонку цвёрдую скарынку. Аднак глытаць пакуль яшчэ ўдаецца. I ў вачах яшчэ няма вогненных пераблiскаў. Вось замiгцiць гэтае вясёлкавае ззянне, i застанецца мне жыць усяго дзве гадзiны.

Ужо цёмна. Месяц прыкметна пакруглеў у параўнаннi з папярэдняй ноччу. Прэво не вяртаецца. Ляжу на спiне i выспельваю сваю наканаванасць. Мяне агортвае нейкае дзiўнае, ледзьве помнае пачуццё. Намагаюся разабрацца ў iм. Так... Так... Я плыву, я на караблi! Гэта я плыў у Паўднёвую Амерыку, распрасцёрты на верхняй палубе. Высока-высока мiж зорак пагойдвалася верхавiнка мачты. Мачты тут няма, але ўсё роўна я плыву ў невядомасць i не магу нiчога выначыць. Пiраты звязалi мяне i кiнулi на палубу свайго карабля.

Думаю пра Прэво, якi ўсё не вяртаецца. Я не пачуў ад яго нiводнай скаргi. Гэта вельмi добра. Мне было б невыносна чуць нечыя скаргi. Прэво сапраўдны мужчына.

Ага, вось ён, за пяцьсот метраў ад мяне, махае сваiм лiхтарыкам! Ён згубiў свой след! У мяне няма лiхтарыка, няма чым пасiгналiць у адказ - я ўстаю, крычу, але ён не чуе...

Яшчэ адзiн лiхтарык успыхвае за дзвесце метраў ад мяне, трэцi. Божа мiлы, ды гэта ж ратунак, мяне шукаюць!

Крычу:

- Аге-ей!

Але мяне не чуюць.

Тры лiхтары заклiкальна сiгналяць, зноў i зноў.

Я ж яшчэ не звар'яцеў. Я добра адчуваю сябе. I я спакойны. Пiльна ўглядваюся. За пяцьсот метраў ад мяне гараць тры лiхтары.

- Аге-ей!

Але мяне па-ранейшаму не чуюць.

I мяне ахоплiвае хвiлiнная панiка. Адзiная, якую я спазнаў. Ах, я ж яшчэ магу бегчы! "Пачакайце!.. Пачакайце!.." Зараз яны павернуць назад! Пойдуць шукаць у iншым месцы, а я загiну! Загiну на парозе жыцця, калi ўжо раскрылiся абдымкi, гатовыя мяне падтрымаць!..

- Эге-ей! Эге-ей!

- Эге-ей!

Пачулi! Я задыхаюся, я задыхаюся, але бягу. Бягу на голас, на крык "эгей!". Бачу Прэво - i падаю.

- О, калi я заўважыў гэтыя лiхтары!..

- Якiя лiхтары?