Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 65

Антуан Сент-Экзюпери

Асабiста я знайшоў сваё шчасце ў сваiм рамястве. Адчуваю сябе ратаем, аэрадром - маё поле. У прыгарадным цягнiку мяне даканала б задуха куды болей цяжкая, чым тут! Тут, што б там нi было, такая раскоша!..

Я нi аб чым не шкадую. Я iграў - i прайграў. Такое ў мяне рамяство. Але ўсё-такi я дыхаў iм, вольным ветрам, ветрам неаглядных прастораў!

Той, хто хоць аднойчы глынуў яго, ужо нiколi не забудзе яго смаку. Цi ж не так, таварышы мае? I справа не ў тым, каб жыць сярод небяспек. Гэта ўсё толькi гучная фраза. Мне не падабаюцца тарэадоры. Не рызыку я люблю. Я ведаю, што я люблю. Я люблю жыццё.

Здаецца, неба пачынае святлець. Выцягваю руку з пяску. Побач ляжыць кавалак парашута, я абмацваю яго: ён сухi. Пачакаем. Раса выпадае на зары. Але вось i зара зблякла, а парашутнае палатно так i не звiльготнела. Думкi мае трошкi блытаюцца, i знекуль да мяне даносiцца ўласны голас: "Сэрца высмягла... сэрца высмягла... сэрца, як камень, не выцiснеш нi слязiнкi!"

7

- У дарогу, Прэво! Пакуль яшчэ не спяклася глотка, трэба iсцi.

Дзьме заходнi вецер - той самы, якi высушвае чалавека за дзевятнаццаць гадзiн. Гартань яшчэ не спяклася, але перасохла i балiць. Унутры ўжо нешта дзярэ. Хутка пачнецца той кашаль, пра якi мне расказвалi, i я чакаю. Язык мой распух. Але сама сур'ёзнае - перад вачыма ўжо мiгцяць зiхоткiя кропкi. Калi яны ператворацца ў блiскаўкi, я засну навекi.

Iдзём хутка. Карыстаемся прахалодай досвiтку. Мы выдатна разумеем, што апоўднi ўжо не здолеем iсцi. Апоўднi...

Мы не маем права ўспацець. I перапачыць не маем права. У прахалодзе гэтага ранку ўсяго толькi васемнаццаць адсоткаў вiльгацi. Вецер дзьме з нетраў пустынi. I пад гэтай пяшчотнай вераломнай ласкай выпарваецца наша кроў.

У першы дзень мы з'елi трошкi вiнаграду. За тры днi - палова апельсiна i палова вiнаграднай гронкi. Есцi мы ўсё роўна не змаглi б, у нас прапала слiна. Але голаду я не адчуваю, толькi смагу. Цяпер жа мне здаецца, што мацней, чым смага, мяне мучаць яе вынiкi. Гэтае перасохлае горла. Гэты драўляны язык. Гэты хрып i гэты гiдотны прысмак у роце. Нязвыкла i дзiка. Безумоўна, вада б усё загаiла, але ўва мне не засталося нiводнага ўспамiну, звязанага з ёю як з лекам. Смага ўсё болей i болей робiцца хваробай i ўсё меней i меней - жаданнем пiць.

Мне здаецца, крынiцы i садавiна абуджаюць ува мне ўжо меней пакутлiвыя вобразы. Я забываю сакоўнасць апельсiна, як, здаецца, забываю ўсё, што мне дорага. Я ўжо, мабыць, забыў усё чыста.

Мы сядзiм, але трэба iсцi далей. Нам ужо не пад сiлу доўгiя пераходы. Адолеўшы з паўкiламетра, мы падаем ад стомы. I такая асалода расцягнуцца на пяску. Але трэба iсцi далей.

Краявiд мяняецца. Каменне трапляецца ўсё радзей. Цяпер пад нагамi пясок. Наперадзе, за два кiламетры ад нас - дзюны. На гэтых дзюнах сям-там цямнеюць дробныя кусцiкi. Гэты пясок мне падабаецца больш, чым сталёвы панцыр. Гэтая пустыня - светлая. Гэта Сахара. Мне здаецца, я пазнаю яе...

Цяпер мы адпачываем ужо праз кожныя дзвесце метраў.