Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 58

Антуан Сент-Экзюпери

Стаю ў роздуме... Так, сапраўды, мусiць, можна прымiрыцца лiтаральна з усiм. Не замiнае ж чалавеку жыць i радавацца думка пра тое, што гадоў праз трыццаць ён, магчыма, памрэ. А трыццаць гадоў цi тры днi... тут уся справа ў тым, якой мерай мераць...

Толькi вось усплываюць перад вачыма вобразы, якiя лепей не ўспамiнаць...

Я зноў iду сваёй дарогай, стома ўсё мацнее, i нешта ўва мне змянiлася. Мiражоў няма, а я сам iх выдумляю...

- Э-гей!

Я з крыкам узнiмаю рукi - там чалавек, ён махае мне... Не, гэта проста чорны каменны слуп. Пустыня ажывае. Я хацеў разбудзiць гэтага соннага бедуiна, а ён ператварыўся ў счарнелы камель дрэва. У камель дрэва? Адкуль яно тут? Нагiнаюся, хачу падняць адламаную галiну: яна з мармуру! Выпростваюся i азiраюся: вось i яшчэ чорны мармур. Усё вакол усеяна абломкамi дагiстарычнага лесу. Сотнi тысяч гадоў таму назад ён, як храм, рухнуў пад страшэнным, першабытнай сiлы ўраганам. I стагоддзi дакацiлi да мяне гэтыя асколкi гiганцкiх калон, гладкiя, як сталёвыя брусы, акамянелыя, ашклянелыя, колеру тушы. Яшчэ можна ўбачыць, дзе ад камля адыходзiла голле, можна прасачыць жывыя звiвы дрэва, палiчыць кольцы на зрэзе. На гэты лес, напоўнены колiсь птаствам i музыкай, абрушыўся нейкi страшны праклён, i дрэвы ператварылiся ў слупы мiнералу. I я адчуваю, што гэтае наваколле мне варожае. Чарнейшыя, чым жалезныя даспехi ўзгоркаў, гэтыя велiчныя зломкi адпрэчваюць мяне. Што трэба мне, жывому, тут, сярод гэтага непадкупнага мармуру? Мне, тленнаму, мне, чыя плоць рассыплецца прахам, што трэба мне тут, у царстве вечнасцi?

З учарашняга дня я прайшоў кiламетраў з восемдзесят. Гэта, безумоўна, ад смагi ў мяне кружыцца галава. Цi, можа, ад сонца? Яно так зiхацiць на гэтых, нiбы нацёртых маслам, абломках, акамянелых камлях. На гэтым панцыры сусвету. Тут няма ўжо нi пяску, нi лiсаў. Гэта нейкае валатоўскае кавадла. I я брыду па гэтым кавадле. I сонца гулкiм молатам б'е мяне па галаве. Ах, вунь там...

- Э-гей! Э-ге-гей!

"Там нiкога няма, супакойся, ты трызнiш".

Так я ўгаворваю самога сябе, бо трэба апамятацца. Мне так цяжка не верыць сваiм вачам. Так цяжка ўтрымацца, каб не кiнуцца да таго каравана, што iдзе... вунь там... бачыш!..

- Дурню, ты яго проста выдумаў, ты i сам гэта ведаеш...

- У такiм разе, усё на свеце падман...

Усё на свеце падман, апрача гэтага крыжа за дваццаць кiламетраў ад мяне на вяршынi ўзгорка. Таго крыжа цi маяка...

Але ж мора не ў тым баку. Значыць, гэта крыж. Я цэлую ноч вывучаў карту. Марная работа, невядома ж, дзе мы. Але я прыпадаў да ўсiх паметак, якiмi абазначалася прысутнасць чалавека. I ў адным месцы натыкнуўся на маленькi кружок з гэткiм жа крыжам. Прагледзеў умоўныя абазначэннi на палях: царква, мiсiя цi манастыр. Побач з крыжам мелася чорная кропка. Зноў паглядзеў на палi: пастаянны калодзеж... Сэрца маё закалацiлася, i я голасна перачытаў: "Пастаянны калодзеж... Пастаянны калодзеж!" Хiба Алi-Баба i ўсе ягоныя скарбы могуць iсцi ў параўнанне з адным пастаянным калодзежам? Трошкi воддаль я заўважыў два белыя кружочкi. На палях значылася: "Часовы калодзеж". Гэта было ўжо не так дзiвосна. А за гэтай паметкай не мелася ўжо нiчога болей. Анiчога.