Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 28

Антуан Сент-Экзюпери

- Але, але, яны ў нас дзiкункi, - прастарэча сказаў бацька.

I мы зайшлi ў дом.

Мне заўсёды па сэрцы была дзёрзкая трава, што вытыркаецца ў сталiцы Парагвая з кожнай шчылiнкi брукаваных вулiц - лазутчыца, высланая нябачнымi, але вечна нядрэмнымi ляснымi нетрамi, яна правярае, цi горад усё яшчэ ў руках у людзей, цi не пара расшпурляць гэтае каменне. Мне заўсёды па сэрцы была такая занядбайнасць, па якой пазнаеш незлiчоныя скарбы. Але тут я проста дзiву даўся.

Бо ўсё тут было ў надзвычайным заняпадку i выклiкала сама дзiвосныя пачуццi, быццам старое замшэлае дрэва, прыгорбленае ўласнай спрадвечнасцю, быццам драўляная лаўка, куды прыходзiлi пасядзець шматлiкiя пакаленнi закаханых. Шалёўку стачыў шашаль, дзверы ледзь лiпелi, крэслы кульгалi... Але калi ў доме нiшто не рамантавалася, то прыбiралася тут вельмi дбайна. Усё было вышаравана, наглянцавана.

I ад гэтага воблiк гасцiнай быў такi красамоўны, нiбы твар бабулi, спярэшчаны маршчакамi. Парэпаныя сцены, пабiтая на шчылiны столь - усё было дзiвоснае, i асаблiва паркет: сям-там ён паправальваўся, сям-там гойдаўся пад нагой, як хiсткiя сходкi, але навошчаны, наглянцаваны, ён ззяў, як люстэрка. Дзiвацкi дом, ён зусiм не сведчыў пра нядбайства цi безгаспадарчасць, наадварот, ён выклiкаў надзвычайную павагу! Ну пэўна ж, кожны год прыносiў нешта новае ў яго складаны i дзiўны воблiк, дадаваў яму абаяльнасцi, цеплынi i зычлiвасцi, а разам з тым, дарэчы, большала i небяспек на дарозе з залы ў сталовую.

- Асцярожна!

У падлозе чарнела дзiрка. Калi б я правалiўся, то мог бы i ногi паламаць, заўважылi мне. Нiхто невiнаваты, што тут дзiрка: гэта ўжо час так пашчыраваў. Цудоўным было гэтае iсцiна арыстакратычнае нежаданне апраўдвацца. Гаспадары не казалi: "Мы маглi б залатаць гэтыя дзiркi, не збяднелi б, але..." I нават не тлумачылi, хоць гэта, дарэчы, была чыстая праўда: "Горад здаў нам гэты дом на трыццаць год. Горад i павiнен рамантаваць яго. Пабачым, хто каго пераспрэчыць..." Iм i не ў галаве было апраўдвацца, i такая прастата прыводзiла мяне ў захапленне. Хiба што мiмаходзь заўважаць:

- Але, але, трошкi паднасiлася...

I гаварылася гэта з такiм лёгкiм сэрцам, што ў мяне склалася такое ўражанне, быццам гэта нiколечкi не засмучала маiх сяброў. Бо толькi ўявiце: у гэтыя сцены, што столькi пабачылi на сваiм вяку, урываецца брыгада муляраў, цесляў, чырванадрэўшчыкаў, тынкоўшчыкаў, урываецца ў гэтую спрадвечнасць са сваiмi кашчуннымi прыладамi i за тыдзень да непазнавальнасцi пераробiць ваш дом, i вось вы - як у гасцях. Нi таямнiц, нi патаемных куточкаў, нi пастак пад нагамi, нi з даўнiх даўняў некарыстаных рэчаў - не дом, а прыёмны пакой у мэрыi!

Не дзiва, што ў гэтым доме абедзве дзяўчыны знiклi, як у казцы. Калi ўжо гасцiная, быццам вышкi, на кожным кроку рыхтавала новы сюрпрыз, то якiя ўжо тут вышкi?! I адразу мроiцца, што варта толькi прачынiць дзверы адной з насценных шафак - i адтуль хлынуць стосы пажоўклых лiстоў, прадзедаўскiя рахункi, процьма ключоў, для якiх не хопiць замкоў ва ўсiм доме i нiводзiн з якiх, безумоўна, не падыдзе нi да аднаго замка. Дзiвосна непатрэбныя ключы, i ты ўжо гатоў сабе галаву скруцiць, навошта яны, i ўжо мрояцца суровыя скляпеннi, глыбока закапаныя сундукi, клады старажытных залатых манет.