Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 27

Антуан Сент-Экзюпери

- Ах, дзiкуны! - усклiквала ты.

Як я нi стараўся, яна заставалася цвёрдай i непахiснай у сваёй веры, як царкоўны служка. I я аплакваў яе няшчасную долю, якая рабiла яе сляпой i глухой...

Але ў тую ноч у Сахары, безабаронны, сярод пяскоў i зорак, я ацанiў яе па заслугах.

Не ведаю, што са мною творыцца. У небе столькi намагнiчаных зорак, а нейкая сiла прыкоўвае мяне да зямлi. А яшчэ нейкая iншая сiла вяртае мяне да мяне самога. Я адчуваю: як шмат да чаго прыцягнелы я ўласнай вагою! Мае мары куды рэальнейшыя, чым гэтыя барханы, гэтая поўня, гэтае ваколле. Ах, найвялiкшая дзiвоснасць дома не ў тым, што ён дае табе прытулак цi сагравае цябе, i зусiм не ў тым, што ты ўладальнiк ягоных сцен! Цуд у тым, што ён спакваля перадае нам свае запасы пяшчоты. Што ў нашым сэрцы, у самай яго глыбiнi, ён стварае гэтыя цьмяныя нетры, дзе, як вада ў крынiцы, нараджаюцца мары...

Сахара мая, Сахара, вось i цябе дазвання зачаравала старая пралля.

V. ААЗIС

Я столькi нарасказваў пра пустыню, што, перш чым зноў загаварыць пра яе, мне хацелася б апiсаць адзiн аазiс. Той, якi паўстае зараз перад маiмi вачыма, тоiцца не ў Сахары. Але самалёт валодае яшчэ адным дзiвосным дарам: ён здольны iмгненна перанесцi вас у самае сэрца невядомага. Вы толькi што, нiбы вучоны-бiёлаг, са спакойным сэрцам разглядвалi чалавечы мурашнiк, гарады на раўнiнах, да якiх, нiбы да зорак, збягаюцца ўсе дарогi, што, быццам крывяносныя сасуды, сiлкуюць iх сокам палёў. Але раптам закалацiлася стрэлка вышынямера, i невядомая зялёная плямка пад вамi робiцца цэлым сусветам. Вы вязень палянкi пасярэдзiне соннага парку.

Не, зусiм не вёрстамi вымяраецца аддаленасць. За агароджаю якога-кольвечы саду часам тоiцца болей таямнiц, чым за Кiтайскай сцяною, i душа дзяўчынкi ахавана маўчаннем куды надзейней, чым адзiнокi аазiс - неабсяжнасцю пяскоў Сахары.

Раскажу пра адну сваю вымушаную пасадку. Гэта адарылася ў далёкай Аргенцiне, пад Канкордзiяй, але магло адбыцца i ў любой iншай мясцiне: на свеце так багата цудаў.

Я прызямлiўся пасярод поля i нават не падазраваў, што неўзабаве траплю ў цудоўную казку. Нi ў прыязнай сямейнай пары, якая падабрала мяне ("Паначуйце ў нас..."), нi ў iхнiм старэнькiм "фордзе" не было нiчога надзвычайнага.

I вось за чарговым паваротам паказаўся невялiчкi гаёк, аблiты месячным святлом, а за iм - дом. Якi дзiўны дом! Нiзкi, масiўны, амаль што крэпасць. Спавiты легендамi замак, якi, быццам манастыр, прапаноўваў за сваiм парогам такi цiхi, такi спакойны, такi надзейны прыТулак.

Нечакана з'явiлiся дзве дзяўчыны. Яны дапытлiва агледзелi мяне, быццам стража ля варот пiльна ахоўваемага царства: малодшая злёгку надзьмула вусны, пастукала па зямлi нядаўна зрэзаным кiёчкам; нас перазнаёмiлi, дзяўчаты моўчкi, з цiкаўнасцю i недаверам падалi мне рукi - i знiклi.

Гэта i развесялiла мяне, i замiлавала. Усё адбылося так проста, маўклiва i хутка, нiбыта мне шапнулi, што пачынаецца таямнiца.