Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 26

Антуан Сент-Экзюпери

Не, я ўжо не лунаў мiж пяскоў i зорак. Няўзрушнае наваколле нi пра што не гаварыла мне, i нават пачуццё вечнасцi, аказваецца, зыходзiла зусiм не ад гэтага наваколля - цяпер я разумеў i ягонае паходжанне.

Перада мною зноў узнiклi вялiкiя ўрачыстыя шафы. Яны прыадчынялiся - i з'яўлялiся стосы белых, як снег, просцiн. Яны прыадчынялiся - i з'яўлялiся горы снежнага глянцу. Старая нянька, як мышка, засяроджана тупала то да адной, то да другой шафы, бесперастанку правярала, разгортвала, згортвала, пералiчвала адкрухмаленую бялiзну, усклiквала: "Ах, божачкi, якое няшчасце!" пры кожнай прыкмеце зносу, якая ставiла пад пагрозу iснаванне ўсяго дома, i тым жа пэндам бегла да якой-небудзь лямпы сляпiць свае вочы, цыруючы гэтыя алтарныя покрывы, гэтыя ветразi трохмачтавага судна, няўтомная ў сваiм служэннi нечаму вялiкаму, не ведаю ўжо якому богу цi караблю.

Ах, я з радасцю падару табе старонку, мадмуазель! Калi я вяртаўся дадому са сваiх першых падарожжаў, я заўсёды знаходзiў цябе з iголкай у руцэ, з кожным годам у цябе прыбаўлялася зморшчынак i сiвiзны, але ты па-ранейшаму па каленi патанала ў белых покрывах у вечным клопаце ўласнаручна падрыхтаваць нам гэтыя просцiны без нiводнай складачкi для нашых пасцеляў, гэтыя абрусы без нiводнай зморшчынкi для нашага стала, для свята крышталю i святла. Я прыходзiў у твой бялiзнавы пакой, прымошчваўся насупроць цябе i пачынаў расказваць пра свае смяротна небяспечныя прыгоды, каб усхваляваць, адкрыць табе вочы на свет, каб падкупiць цябе. Я нiколечкi не змянiўся, казала ты. Я ж i хлапчуком вечна прыходзiў дадому ў пашкуматанай кашулi ("Ах! якое няшчасце!") i з паабдзiранымi да крывi каленямi, i ўвечары мяне трэба было суцяшаць, зусiм як сёння. Але ж не, мадмуазель, не! Я вяртаюся ўжо не з парку, а з край-свету i нясу з сабою ўедлiвы водар адзiноты, смерчы пясчаных бур, асляпляльнае ззянне трапiчнай поўнi! Ну, вядома, адказвала ты, хлапчукi вечна носяцца на скрут галавы, трушчаць сабе косцi i яшчэ думаюць, што яны героi! Але ж не, мадмуазель, не, я сапраўды пабываў ужо далёка за межамi нашага парку! Каб ты толькi ведала, як мiзэрна мала месца акрываюць гэтыя шаты! Якiмi самотнымi выглядаюць яны на зямлi сярод пяскоў i скал, дрымучых лясоў i балот! Цi ты хоць ведаеш, што на свеце ёсць такiя мясцiны, дзе чалавек пры сустрэчы з чалавекам iмгненна ўскiдвае карабiн? Цi ты хоць ведаеш, мадмуазель, што на свеце ёсць пустынi, дзе з надыходам ледзяной ночы людзям даводзiцца спаць пад адкрытым небам, без ложка, без просцiн...