Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 30

Антуан Сент-Экзюпери

Пакуль я еў, мае негаваркiя феi так пiльна цiкавалi за мной, я так часта лавiў на сабе iх блiскавiчныя позiркi, што ўрэшце я i зусiм змоўк. Усталявалася цiшыня, i тут на падлозе нешта цiха засiпела, шорхнула пад сталом i сцiхла. Я паглядзеў на дзяўчат. I тады малодшая, вiдаць, задаволеная ўчыненай праверкай, усё-такi не ўтрымалася ад спакусы яшчэ разок выпрабаваць мяне: упiваючыся ў кавалак хлеба моцнымi зубамi юнай дзiкункi, яна, вядома ж, у надзеi ашаламiць мяне, акажыся я нiкуды не вартым варварам, нявiнна растлумачыла: "Гэта гадзюкi".

I задаволена змоўкла, нiбыта гэтага тлумачэння было дастаткова для кожнага, калi толькi ён не дурань з дурняў. Старэйшая сястра маланкава зiрнула на мяне, ацэньваючы маю найпершую рэакцыю, i адразу ж абедзве з сама абыякавым i нявiнным выглядам схiлiлiся над сваiмi талеркамi...

- А!.. Гадзюкi... - мiжвольна вырвалася ў мяне. Нешта слiзганула па маiх нагах, даткнулася да шчыкалатак - а гэта, аказваецца, проста гадзюкi...

На маё шчасце, я ўсмiхнуўся. I вельмi чыстасардэчна: прытворная ўсмешка iх бы не ашукала. А ўсмiхнуўся я таму, што мне было весела, што гэты дом з кожнай хвiлiнай усё больш падабаўся мне, i яшчэ таму, што мне карцела паболей даведацца пра гадзюк. На дапамогу прыйшла старэйшая сястра:

- Пад сталом у падлозе дзiрка, тут яны i жывуць.

- А ўвечары, гадзiн у дзесяць, вяртаюцца дадому, - дадала малодшая. - А ўдзень яны палююць.

Цяпер ужо я спатайка разглядваў дзяўчат. Спакойныя, цiхамiрныя твары, а глыбока ўнутры - жывы, дасцiпны розум, прытоеная ўсмешка. I гэтае непараўнанае ўсведамленне сваёй перавагi...

Нешта разлетуценiўся я сёння... Усё гэта цяпер так далёка. Што сталася з маiмi дзвюма феямi? Яны ўжо замужам, канечне. А можа, цяпер iх ужо i не пазнаць? Бо гэта ж такi сур'ёзны крок - развiтанне з дзяцiнствам, ператварэнне ў жанчыну. Як маецца iм у новым доме? Цi па-ранейшаму дружаць яны з дзiкiмi травамi i са змеямi? Яны былi саўдзельны ў жыццi цэлага свету. Але настае дзень - i ў юнай дзяўчыне прачынаецца жанчына. Яна марыць паставiць нарэшце некаму ўсе "дзевятнаццаць". Гэты вышэйшы бал - быццам груз на сэрцы. I тады з'яўляецца нейкi дурань. I дагэтуль такiя пранiклiвыя вочы ўпершыню ашукваюцца i бачаць дурня ў сама ружовым святле. Калi дурань прачытае вершы, яго прымаюць за паэта. Вераць, што яму даспадобы старэнькi дзiравы паркет, вераць, што ён любiць мангустаў. Вераць, што ён усцешаны даверам гадзюкi, якая пад сталом лена прагульваецца па яго нагах. I аддаюць яму сваё сэрца - дзiкi сад, а яму даспадобы толькi падстрыжаныя газоны. I дурань вядзе прынцэсу ў рабства.

VI. У ПУСТЫНI

1

Столькiх радасцей былi пазбаўлены мы, лётчыкi Сахарскай авiялiнii, калi нас на тыднi, месяцы, гады забiралi ў палон пяскi, калi мы незваротна лёталi ад форта да форта без надзеi, што неўзабаве зноў трапiм у тую ж мясцiну. Гэтая пустыня не дарыла нам падобныя аазiсы: сады i дзяўчаты - гэта проста казкi! Ну, канечне, некалi мы адпрацуем тут i вернемся ў далёкi-далёкi край, каб пачаць новае жыццё, i ў тым краi нас чакаюць тысячы дзяўчат. Ну, канечне, там, сярод сваiх кнiг i ручных мангустаў, яны цярплiва спеляць для нас свае пяшчотныя душы. I самi робяцца такiя вытанчаныя, чароўныя...