Читать «Душа не ў сваiм целе (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Ян Борщевский

Усе моўчкi пазiралi на маркотную, нябачаную дагэтуль постаць. Маўчанне парушыў Мiкола:

- Ратуючы iншых ад смерцi, ты сам трапiў у большае няшчасце, чым смерць.

- Нiхто з iх не вiнаваты, што я так пакутую.

- Я калiсьцi ў Вiльнi ведаў Саматнiцкага, - сказаў Зянон. - Можа, ты маеш там кузена?

- Гэта я сам, але не такi, якiм быў колiсь.

- Цi даўно жывеш у гэтым краi?

- Ужо некалькi гадоў; i туды, дзе быў, не вярнуся: цяпер нiхто мяне там не пазнае. I яна не пазнае, - не паверыць, не пашкадуе, смяяцца будзе, як з вар'ята.

- Шмат розных выпрабаванняў было ў тваiм жыццi?

- Даследчык шукае таямнiцы, бяда шукае даследчыка. Зяноне, калi верыш, што я той самы, якога ты знаў колiсь у Вiльнi, прыйдзi заўтра ў маю хацiну - у мяне ёсць пра што расказаць i пра што прасiць. Бывайце. Думайце пра мяне, як вам заманецца.

Пасля ягонага адыходу госцi ў задуменнi пазiралi адзiн на аднаго, не разумеючы, што гэта значыць: з гаворкi здаецца ён тым самым Саматнiцкiм, знешнасць жа зусiм iншая.

- Бачыце, суседзi? - прамовiў Мiкола. - Як вам гэты госць? Усё спраўджваецца, аб чым я вам нядаўна казаў: твар, вусны, нос, вочы, валасы i ўсё тое, што мае гэтае цела, - не ягонае ўласнае, але ён той самы Саматнiцкi, бо i сам сябе так назваў i тое, што я казаў, пацвердзiў.

- Але здаецца, - сказаў Мацей, - што яго не прынялi на тым свеце, дык мусiў зноў вярнуцца на зямлю, бо ён нiбы нябожчык. Няма ў iм жыцця.

- Дзiўны госць, - сказаў гаспадар. - Я не затрымлiваў яго, бо, кажучы шчыра, ягоны прыход, быццам з таго свету, выклiкаў у мяне нейкае незразумелае пачуццё.

Увесь той вечар суседзi гаманiлi пра Саматнiцкага.

* * *

Дзень быў восеньскi, неба хмурнае, шумелi дрэвы над счарнелым дахам хутара, вецер падымаў у паветра жоўтую лiстоту. Саматнiцкi нерухома сядзеў ля акна, нiбы драўляны iдал. Зянон зайшоў у хату, спынiўся i доўга глядзеў на гаспадара, нарэшце, каб абудзiць яго, госць папытаўся голасна:

- Як маешся, пане Саматнiцкi?

I той раптоўна, нiбы сон адагнаўшы, ускочыў з месца i прамовiў:

- Дзякуй, што мяне наведаў. Я не прывiтаў такога добрага госця, бо быў у гэты час вельмi далёка.

- Пэўна, дзесьцi ў далёкай мiнуласцi, прыемна сяды-тады той край думкаю адведаць.

- Праўда, тут горш, але там, дзе быў, мiнулае i сучаснасць заўсёды аднастайныя: Адэля са спакойным тварам, з мiлаю ўсмешкаю бавiцца ў сябрыне вясёлых гасцей - гэты расказвае ёй, што чуў, той - шту прачытаў, якi новы твор выйшаў з друку, пра знакамiтых пiсьменнiкаў, пра лiтаратурную славу, як круцiцца то сюды, то туды Кола Фартуны, шту дзеецца ў вялiкiм свеце. I нiхто там пра мяне не ўспомнiў, i Адэля, размаўляючы то з гэтым, то з тым, пра мяне - нi слоўца.

- Гэта звычайная рэч: час сцiрае надпiсы на цвёрдым мармуры, а людскую памяць лёгкi ветрык развее, малая хмарка заслонiць.

- I я гэтага хацеў, ды лiчыў, што ў далёкiх краях новыя мясцiны, маляўнiчыя краявiды ды выпрабаваннi зменяць мае думкi i жаданнi: пабываў у стэпах, бачыў цуды, узiраўся ў таямнiцы прыроды, - аднак хмары i стэпавыя вятры не развеялi, не засланiлi маiх успамiнаў.