Читать «Душа не ў сваiм целе (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Ян Борщевский

- Наследаванне прыродзе, - адказаў я, - больш слаўны занятак, чым усялякiя вытанчаныя аздобы.

- Пра iх я зусiм не думаў, у мяне iншыя намеры.

- Значна больш можа быць карысцi ад таго, што абвесцiць Вышэйшая думка i Вышэйшае iмкненне, чым наследаванне чаго-небудзь. Я, упершыню наведаўшы гэты край, хацеў бы запомнiць тое, што не сустрэнеш у iншых мясцiнах.

- У iншых мясцiнах - iншыя патрэбы ў жыхароў; дык я буду тлумачом маiх думак, бо не разумеючы iх, людзi рознае мяркуюць i дамышляюць. Ды тут вельмi вузкiя i стромкiя сцежкi, я пайду паперадзе, буду праваднiком.

Я iшоў за iм у засенi асiнаў; вузкая сцяжынка, нiбы ў лабiрынце, вiлася перад намi, з абодвух бакоў былi глыбокiя канавы i ямы, берагi якiх зараслi густымi кустамi лазы i густою высокаю травою; у асобных мясцiнах была вiдаць пакрытая зялёнаю цвiллю вада, а ў iншых, зацененых густымi галiнамi, велiзарныя п'яўкi снавалi сюды-туды; нейкая iмгла вiсела над панурай i дзiкаю прастораю; у паветры была надзвычайная вiльгаць, быццам пасля нечаканага дажджу, хоць дзень быў спякотны.

- Праца цi прырода, - запытаўся я, - надалi гэтым мясцiнам такi пануры ды дзiкi выгляд? I якiя могуць быць з гэтага выгоды?

- Глянь на неабсяжныя стэпы Ўкраiны i шырокiя засеяныя нiвы - тут урадлiвая i шчодрая зямля, але ад клiмату часта бывае недарод. У гэтых мясцiнах пануюць вятры i незвычайная гарачыня, сонца выпальвае не толькi пасевы, але i травы ў нiзкiх ярах, ды так, што няма пашы, i ўлетку жывёла без корму i вады. Я працаваў шмат гадоў, капаючы гэтыя ямы i канавы, саджаючы дрэвы i кусты, каб затрымаць вiльгаць; i ўжо шмат зрабiў, вада з майго саду, разлiваючыся далей, забяспечвае патрэбы ваколiцы i мястэчка Тэплiка. Чалавек, якi нязменна iдзе да мэты, не толькi зямлю, але i атмасферу можа змянiць; гэтая вiльготная iмгла, якую ты бачыш зараз у маiм панурым садзе, збiрае дажджавыя хмары з усходу i захаду ды поiць вiльгаццю сасмяглыя стэпы: глядзi, i цяпер над нашымi галовамi скупчылiся цёмныя воблакi i не рушацца з месца; удалечынi вiдаць яснае сонца, а мы тут - у засенi.

Так апавядаючы пра свае думкi i намеры, ён вёў мяне ўсё далей i далей вузкiмi сцежкамi ў дзiкiм лабiрынце; там, дзе шырокая канава адмяжоўвала гэтыя мясцiны ад стэпу, я заўважыў нейкi лёх, што вёў пад зямлю, уваход у яго быў прыкрыты густымi кустамi.

"Навошта патрэбна гэтае цёмнае падзямелле?" - спытаў я. "Тут, - адказаў пан Гайнар, - лёх i падземны пераход з аднаго месца ў iншае; яны служаць не толькi дзеля ахалоджвання паветра ды збiрання вiльгацi, але i iншая. Ды няхай таго нiколi не будзе. Ты чытаў пра страшэнныя зверствы Гонты i Жалезняка, ведаеш пра напады ягоных гайдамакаў, якiя лiлi кроў па ўсёй Украiне; у выпадку такiх нападаў лабiрынт i таемныя лёхi ў маiм садзе могуць служыць схованкаю для няшчасных жыхароў. Але гэта толькi пры нагодзе; хадзем далей, пакажу яшчэ, зробленае мною".

Мы выйшлi на больш адкрытую мясцовасць у другой частцы саду, спынiлiся каля квадратнае сажалкi, што мела ў шырыню i даўжыню блiзу дзесяцi сажняў, а празрыстая вада была цёмна-жоўтага колеру, накшталт задымленага тапазу; тут я ўбачыў кусты нейкiх раслiн, з вельмi цёмнай зелянiнай.