Читать «Душа не ў сваiм целе (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Ян Борщевский

Цуднаўскi мешчанiн, адзiн з маiх знаёмых, расказаў мне пра такое дзiўнае здарэнне. Ягоная жонка раптоўна адчула моцны боль у сярэдзiне, i зараз жа з'явiлiся ўсе прыкметы тае страшнае хваробы; дык ён паспяшаўся да нашага цудоўнага лекара прасiць дапамогi. Калi ён прыбег на хутар, то аслупянеў, уражаны незразумелым вiдовiшчам: на панадворку перад самаю брамаю ўбачыў Саматнiцкага; той выглядаў нябожчыкам: рукi i ногi былi не падуладныя яму, вочы адкрытыя, твар бледны; мёртвае цела, адарваўшыся ад зямлi, рухалася, i здавалася, што нейкая нябачная сiла кiдала гэты труп ва ўсе бакi. Мешчанiн хацеў ужо ўцякаць адтуль, але пачуў голас: "Пачакай хвiлiну, спачатку трэба, каб ты маё цела намазаў лекамi i выратаваў ад пошасцi, тады буду гатовы iсцi з табою". Праз колькi хвiлiнаў цела стала на ногi, здаровы Саматнiцкi аправiў на сабе вопратку i сказаў: "Ну, цяпер пойдзем, ведаю, чаго ты прыйшоў: жонка твая ачуняе". I сапраўды, таемнымi сваiмi лекамi ён выратаваў яе за пару гадзiн.

А вось якiм чынам гэты дзiўны лекар, што засцерагаў сябе i ратаваў iншых, трапiў у вялiкае няшчасце. Пэўнага дня, калi ён, маючы намер iсцi да хворых, намазваў сваё цела, каб засцерагчыся ад пошасцi, адна асоба, якую ён моцна кахаў, недзе ў далёкiм краi цяжка захварэла на халеру. Саматнiцкi гэта ўбачыў, бо кажуць, што душа, калi яе не абцяжарвае цела, далёка бачыць i чуе. Быў ён вельмi ўзрушаны, i нават забыўся, што з целам ягоным можа здарыцца няшчасце, калi не схаваць яго ў зацiшным кутку. Пакiнуўшы цела ля брамы хутара, паляцеў, каб як хутчэй паспець з таемнымi лекамi. Пасля выратавання мiлае яму асобы i вяртання дахаты, ён ужо не ўбачыў свайго цела, якое людзi знайшлi ды пахавалi, лiчачы, што ён памёр ад пошасцi. Няшчасны Саматнiцкi без цела быў нябачны, нiкому не мог i слова сказаць, бо, чуючы ягоны голас, усе жагналiся ад страху, мяркуючы, што здань з iмi размаўляе. Не маючы мажлiвасцi даведацца пра сваё цела, ён блукаў доўгi час незаўважаным, нарэшце знайшоў на дарозе нейкi труп, з якога толькi што душа вылецела, прымусiў сваiмi таемнымi лекамi цыркуляваць кроў, улез у чужое цела, вярнуўся на свой хутар i цяпер жыве там самотна: нiхто яго не пазнае, усе лiчаць яго нябожчыкам.

- Лепш бы зрабiў, - прамовiў гаспадар, - калi б ужо адышоў назаўсёды на той свет, чым блукаць па зямлi ў чужым целе.

- Хоча цi не хоча, - сказаў Мiкола, - аднак мусiць пакутаваць на зямлi i чакаць, пакуль праб'е гадзiна, прызначаная Богам.

Калi яны так размаўлялi, адчынiлiся раптам дзверы, i ўвайшоў незнаёмы: твар цёмны, пануры, зусiм бяскроўны, анiякага пачуцця на iм, нос тонкi, пакрыты сухою скураю, вусны без колеру, вочы без выразу, i, здаецца, iмгла нейкая iх ахутала. З плячэй незнаёмца спадаў сурдут, ахiнаючы яго схудалае цела.

- Так, пане Мiкола, - пачаў ён працяглым i манатонным голасам, - я той самы Саматнiцкi, пра якога ты толькi што казаў. Чужое цела - цяжар мне на гэтым свеце, не варта яно маiх клопатаў, але вочы душы далёка бачаць i вушы далёка чуюць: ведаю, пра што ты цяпер гаварыў; дзякуй, што пра мяне ўспамiнаў; чалавек у маiм стане не сустрэне на зямлi нi знаёмых, нi сяброў.