Читать «Сумленны ўчынак» онлайн - страница 4

Эрве Базен

На стале з'явiлася трэцяя шклянка «Перно», i агляд прадоўжыўся. Спачатку Ганзаг двума пальцамi выцягнуў пасведчанне асобы пад нумарам 2579367. Далей яго чакала расчараванне: гэта быў не Вiльгем, а Вiльям, а прозвiшча «дэ Керфаўэ» даводзiла, што гэты чужынец на самай справе быў брэтонскага паходжання. «А ўрэшце, мне на гэта напляваць!» — буркнуў Ганзаг, саграваючыся. Уваткнуўшы нос у фатаграфiю з пячаткай прэфектуры, ён заўважыў, што тып гэты, брэтонец ён цi не, морду меў несамавiтую. Далей агляд паскорыўся. Вадзiцельскiя правы, «шэрая картка», талон «С»… гэтыя паперы можна было прадаць, яны безумоўна зацiкавяць каго-небудзь са знаёмых — «спецыялiстаў» па аўтамабiлях. Ва ўсiх паперах гаварылася аб прафесii Вiльяма дэ Керфаўэ — сэнс яе зводзiўся да прыназоўнiка «без». Ганзаг пагардлiва ўсмiхнуўся — у яго было правiла: чалавек павiнен выбраць або працу, або авантуру. Атрымлiваць асалоду без рызыкi i намаганняў — вось што было адзiнай, бясспрэчнай амаральнасцю. Аднак, калi гэтаму Керфаўэ не хапала прынцыпаў, то ўжо густу яму хапала. За гэта сведчылi чатыры фатаграфii з апошняй кiшэнькi. Пра першую, на якой была трохi пераспелая, хоць i шыкоўна прыбраная дама, нельга было што-небудзь сказаць. Хутчэй за ўсё гэта была мацi, удава дэ Керфаўэ. Але тры астатнiя проста ашаламлялi! Голая дзяўчына са спiны, у фас i ў профiль, была проста незвычайная! Расчырванелы ўжо Ганзаг выпiў залпам трэцюю шклянку i клiкнуў гарсона:

— А цяпер нясi абсент!

З унутранай кiшэнькай болей нельга было цягнуць. Ганзаг загадаў сабе апошнюю загадку: колькi грошай, мяркуючы па таўшчынi, магло ў ёй быць? Калi гэта соценныя бiлеты, дык магло б пацягнуць тысяч на пяць або шэсць. Калi тысячныя — на пятнаццаць або дваццаць. Ганзаг адкрыў кiшэньку, лiхаманкавым рухам страсянуў бумажнiк i высыпаў на стол усё, што ў iм было.

— О, божа, вялiкi фармат!

Вось гэта пашанцавала! Хто б мог спадзявацца на такую ўдачу. Лёс бясконца спрыяў яму: побач з даволi вялiкiмi купюрамi было дзесяць бiлетаў па дзесяць тысяч. Яны былi зусiм новенькiя, i iх прызначэнне было зразумелае з цыдулкi, якую Вiльям дэ Керфаўэ да iх прышпiлiў:

«Дарагая, не ведаю, а каторай гадзiне ты павiнна вярнуцца з падарожжа. На ўсялякi выпадак я зайду сёння ўранку. Нарэшце я сабраў тыя самыя сто тысяч франкаў, цярплiва эканомячы на маленькiх шчодрасцях Чылiйкi. Я табе прынясу iх разам з фатаграфiямi, знятымi надоечы ўвечары. Калi я цябе не застану, я пакiну гэтую запiску на начным столiку i зайду пасля абеду яшчэ раз. Я выкраiў сабе два вольныя днi. Цалую. — Вiльям».

— Дарагая! — прашаптаў Ганзаг лагодным голасам, падняўшы шклянку. — За тваё здароўе!