Читать «Сумленны ўчынак» онлайн - страница 3
Эрве Базен
— Шэф, — голасна сказаў ён, — вось гэта я толькi што знайшоў на плошчы Iталi, ля ўваходу ў метро.
Палiцэйскi аддаў чэсць, узяў бумажнiк, разгледзеў яго з усiх бакоў, сунуў памiж папер адубелы палец, пакруцiў галавой i з павучальным выглядам сказаў:
— Гэта добра, мой дарагi, добра, што вы так зрабiлi. Але трэба, каб вы паднялiся на другi паверх i напiсалi заяву.
— Мне няма калi, — ажыўлена запярэчыў Ганзаг. — Патрон паслаў мяне па неадкладнай справе. Я прыйду праз гадзiну.
— Добра, — адказаў палiцэйскi. — Але не забудзьцеся, што вы маеце права на ўзнагароду. Мiнiмум дзесяць адсоткаў па закону. Пакiньце мне ваша прозвiшча i адрас.
Ганзаг хвiлiну вагаўся. Потым зусiм спакойна сказаў па лiтарах.
— Ларно, Л-а-рно… Вулiца Сэн-Дыяман, дом № 35. Бывайце, шэф.
— Добра, — паўтарыў палiцэйскi. Яму вiдавочна не хапала фантазii.
— Гм, — паспеў яшчэ сказаць Ганзаг.
Ён прыставiў два пальцы да скронi, нiбы аддаючы чэсць, i, пакуль палiцэйскi хаваў у кiшэню свой блакнот, набраў хуткасць i пабег рыссю да плошчы Iталi. Ён горда абмiнуў чалавека ў шэрым, нiбы прыкаванага да тратуара. Той адказаў яму пагардай на пагарду i працадзiў праз гнiлыя зубы:
— Святы Ёлуп, малiся за нас!
«З нас двух большы ёлуп не той, на каго ты думаеш…»
Гэтак разважаў Ганзаг, якi праз пяць хвiлiн сядзеў ужо ў зацiшным кутку «Кавярнi аб'яднаных мастацтваў». Перад iм блiшчала шклянка з малочна-белым «перно» i красаваўся бумажнiк з залатымi iнiцыяламi.
W.K., W.K… iнiцыялы гэтыя належалi не карэннаму жыхару. Гэта напэўна быў нейкi чужынец, што цешыла Ганзагаў патрыятызм, а таксама ягонае прафесiйнае сумленне: добра, калi ёсць нават самае маленькае апраўданне. W.К.! Добры густ i тонкая дасцiпнасць падказвалi: чаму не W.С.? Каб расцягнуць прыемнасць, Ганзаг не спяшаўся пачынаць падрабязны агляд. I мёны на «W» сустракаюцца рэдка. Ёсць Валiс — так звалi дзеўку, якая пераспала з каралём. Але не, бумажнiк належаў мужчыну. Вiльгем. Ганзаг мог закласцiся, што гэта быў Вiльгем. У яго батальёне служыў адзiн Вiльгем, эльзасец, якi мог выжлукцiць дзесяць шклянак абсенту запар.
— Бертран, налi мне яшчэ!
З асцярогi Ганзаг закрыў свой скарб рукамi. Пакуль Бертран налiваў, ён так сцiснуў рукой бумажнiк, што аж зарыпела. Як толькi гаспадар устаў да кававаркi, Ганзагавы локцi ўзнялiся, i бумажнiк паявiўся зноў. Сербануўшы са шклянкi, новы ўладальнiк павольна i асцярожна распачаў даследаванне.
Спачатку — дробязi. Ганзаг трымаўся такога прынцыпу: стрымлiваць эмоцыi i пакiдаць прыемныя сюрпрызы на закуску. Маленечкая кiшэнька на маркi аказалася, вядома ж, пустая. Пустое было таксама аддзяленне на бiлеты ў метро: усе кiшэннiкi ведаюць, што вынаходлiвасць тых, хто робiць бумажнiкi, выкарыстання на практыцы не мае. Побач з бiлетамi на аўтобус — тры газетныя выразкi, падатковая квiтанцыя, два бiлеты ў кiно i зубачыстка. Вiзiтная картка нейкiм дзiвам апынулася ў кiшэньцы, спецыяльна ёй прызначанай. Зрэшты, яна належала не W.K. Гэта была прывабная вiзiтка, на якой значылася: Жулi Сэшрэ, дыпламаваная медсястра, уколы па выклiку. Ён сунуў два пальцы ў другую кiшэньку — па паперы. Але перш чым перайсцi да больш сур'ёзных рэчаў, Ганзаг дапiў сваю шклянку i заказаў яшчэ адну.