Читать «Сумленны ўчынак» онлайн - страница 2

Эрве Базен

— Няблага! Я б зрабiў тое ж самае.

* * *

Ганзаг здрыгануўся. Ён павярнуўся i быў гатовы супрацiўляцца. Вораг, калi меркаваць па яго рэплiцы, быў не палiцэйскi, а хутчэй канкурэнт. Ён аказаўся чалавечкам з сiвымi валасамi, з шэрымi вачыма i ў сваiм вялiзным шэрым халаце нагадваў тэлеграфiста, рамеснiка або кладаўшчыка з «Прызюнiка».

— Добрая справа, га?

— Якая справа? — холадна спытаўся Ганзаг.

— Ну… гэты бумажнiк. Я таксама яго бачыў. Ты мяне апярэдзiў.

Нечаканы канкурэнт стаяў, нiбы не зважаючы на дождж, ад якога халат пакрываўся цьмянымi плямамi, увесь час кашляў i пляваўся густой i жоўтай слiнай. Нарэшце, аддыхаўшыся, ён прапанаваў:

— Ну дык што… падзелiм?

Ганзаг не адказаў i на ўсялякi выпадак адышоў на некалькi крокаў. Дзякуй богу, кветачнiца нiчога не пачула, i ўладальнiк не паяўляўся. Засталося толькi адшыць старога. Але той схапiў Ганзага за рукаў i вымавiў па складах:

— Мне хо-пiць трэ-цяй часткi.

Ганзаг зноў нiчога не адказаў i пайшоў унiз па вулiцы Бабiё, спадзеючыся пазбавiцца ад праследавальнiка. Але той не адставаў нi на крок i ўжо пачынаў выказваць нецярпенне:

— Я згодзен на трэцюю частку. Але калi ты i далей будзеш прыкiдвацца iдыётам, я хутка запатрабую палову.

Тады Ганзаг, якi ўжо пацеў ад злосцi, рэзка спынiўся i працяў старога позiркам, нiбы чаргой са спаранага кулямёта.

— Палову чаго? I вам не сорамна? За каго вы мяне прымаеце? Цi вы не бачыце, што я iду ў дом нумар 38?

Усе ў XIII акрузе ведаюць, што ў доме нумар 38 на вулiцы Бабiё знаходзiцца палiцэйскi ўчастак квартала Мэзон-Блянш. Ганзаг Рабатэн сумысля гаварыў голасна. Баючыся скандалу i ўскладненняў, чалавек у шэрым халаце пацiснуў плячыма i адступiў:

— Яшчэ паглядзiм!

— Няма чаго глядзець! — крыкнуў Ганзаг, рашуча павярнуўся i матануў напрасткi да ўчастка вiхлястай, няроўнай хадою, як ходзяць хлапчукi з прадмесцяў, каб паказаць рашучасць сваiх намераў.

Аднак ён не быў занадта ўпэўнены. «Абы толькi не натрапiць на каго-небудзь, хто мяне ведае! — думаў ён. — Мяне ўжо двойчы „накрывалi“ на вулiцы Бабiё». Ён асцярожна азiрнуўся i ўбачыў, што шантажыст, як i раней, iдзе за iм, гатовы зноў дамагацца сваёй часткi або выдаць яго. Не, яму нi ў якiм разе нельга было iсцi да сакратара камiсара або да каго-небудзь з яго намеснiкаў. Гэта было занадта рызыкоўна.

На шчасце, пад сцягам, мокрым i брудным, як ануча, якой толькi што мылi посуд, выстукваў чачотку ад холаду палiцэйскi. Ганзаг прыгледзеўся — ён бачыў яго ўпершыню. Пакiнуўшы свайго ўчэпiстага праследвальнiка на тратуары па той бок вулiцы, Ганзаг перайшоў дарогу, падкрэсленым рухам сунуў руку ў кiшэню, дастаў адтуль прамавугольны прадмет i падаў яго вартавому.