Читать «Карчоўнiк (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Борис Саченко

Ва ўнiверсiтэце, куды паступiў, яго з першага курса захапiла вышэйшая матэматыка. Ужо на другiм курсе ён напiсаў працу, якую надрукавалi ў студэнцкiм навуковым зборнiку. Гэты зборнiк нейкiм чынам трапiў за мяжу, i адтуль пачалi на яго iмя прыходзiць лiсты - пiсалi вучоныя, выказвалi захапленне працай маладога свайго калегi. На трэцiм курсе студэнта матэматычнага факультэта Пятра Пятровiча Каравая ўжо ведалi ў многiх краiнах. А на пятым курсе разам з дыпломам аб заканчэннi ўнiверсiтэта ён атрымаў пасведчанне аб прысваеннi яму навуковай ступенi кандыдата матэматычных навук. Патрабавалася два гады, каб Пятро Пятровiч Каравай стаў доктарам, а потым праз вельмi кароткi час i членам-карэспандэнтам, акадэмiкам.

Само сабой, i асабiстае жыццё складвалася ў Пятра Каравая як найлепей. Яшчэ ў школе ён закахаўся ў дзяўчыну, Лiну. У Лiны, праўда, быў ухажор, яна сябравала з iм з маленства. Але Пятру варта было пабыць з Лiнай некалькi гадзiн, i яна забылася на сябра маленства - закахалася, як кажуць, па самыя вушы ў Пятра.

- Як убачу цябе, - прызналася аднойчы Лiна, - на ўсё забываю. Ты, i толькi ты ў маiх вачах, у маiх думках. Быццам заваражыў чым... Гiпноз, нейкая няйнакш магiчная сiла ў цябе...

Гэтую магiчную сiлу цi гiпноз адчуваў у сабе i сам Пятро. Варта было яму чагосьцi захацець - i яно з'яўлялася. Упершыню ён адчуў гэта яшчэ ў школе. Неяк Косця Верамейчык, з якiм Пятро сядзеў за адной партай, прынёс у школу пенал каляровых алоўкаў. Ды не абы-якiх, а замежных, прывезеных бацькам з Нямеччыны. Алоўкi былi як алоўкi, а вось пенал... Нейкi быццам касцяны. I як, як размаляваны! Цэлая карцiна - i высокi дом са светлымi вокнамi, i бабкi, што за столiкам вяжуць карункi, i дзецi гуляюць у мяч... А якiя там намаляваны звяры, птушкi, рыбы!..

Захацелася, вельмi захацелася мець такi пенал Пятру. I, уяўляеце, скупеча Косця падарыў яго яму.

- А як жа ты? - здзiўлена глядзеў на Косцю Пятро.

- Бацька не адзiн, а два такiя прывёз... I калi табе падабаецца, бяры...

Далей - болей. Дарылi яму цi ўзнагароджвалi за выдатную вучобу, спартыўныя поспехi, iншыя рэчы, якiя яму падабалiся, якiя ён хацеў мець. Нават здаралася: сёе-тое i знаходзiў - на вулiцы, у траве. Цi бацька, мацi яму куплялi. I заўсёды якраз тое, што ён у кагосьцi бачыў i чаго так прагнуў, хацеў.

Пра тое, што гэта сюрпрызы Карчоўнiка, той яму спрыяе, дапамагае, - не думалася. Пра Карчоўнiка Пятро i зусiм забыў. Цi мала што магло прыблюзнiцца яму, малому, ад страху, калi ляжаў за старадрэвiнай, хаваўся ад немцаў? Дык i верыць? Ну, падалося тады... Але ж чэрцi, нячысцiк... Казкi гэта, выдумка, прычым адсталых людзей, такiх, якiм i быў дзед Максiм. Пражыў увесь свой век у вёсцы, нiдзе, нават у горадзе, нi разу не быў, не ўмеў нi чытаць, нi пiсаць. А фантазiя... Фантазiя ў яго, мабыць, была. Вось i выдумаў. Ды i не сам ён мог пра чарцей i нячысцiкаў выдумаць, а перадалося ад бацькоў, дзядоў. А ён паспяшаўся ўнуку ўсё, што сам ведаў, перадаць... Прызнайся, скажы цяпер каму-небудзь у горадзе пра чарцей цi нячысцiкаў - засмяюць жа. I правiльна. Няма нiдзе нiякiх чарцей. Ёсць тое, што мы бачым, адчуваем. Усё ж астатняе... Выдумка, плод фантазii, галавы...