Читать «Карчоўнiк (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Борис Саченко

- Хi-хi, хе-хе, - хiхiкаў нячысцiк. - Вельмi проста. Вось немец цябе зараз згледзiць i стрэлiць. I я... Хi-хi, хе-хе... Забяру тваю душу. Так, дарма. Яна ж, твая душа, немцу, можа, не трэба...

Немец зноў пайшоў, пацыбаў. I быў ужо зусiм-зусiм блiзка. Нават дыханне яго - цяжкае, стоенае, насцярожанае - чуў Петрык. I быццам бачыў яго, Петрыка. Ва ўсякiм выпадку так здалося Петрыку, калi ён падняў галаву, паглядзеў на немца.

- Ну дык як? - шаптаў, не адставаў нячысцiк. - Жыць астанешся... Я праганю немца, не заб'е ён цябе... Мацi знойдзеш. Вернешся дадому, у вёску. Канца вайны дачакаешся... У школу пойдзеш... Станеш вядомым чалавекам. Будзеш жыць так, што зайздросцiць табе будуць...

- А далей? - скрозь зубы працадзiў Петрык.

- Далей... Памiраюць усе. I ты памрэш. А тады... Табе ўсё адно, дзе душы тваёй быць.

- А табе?

- Мне? О, чым болей у мяне душ, тым я багацейшы. Немец зноў спынiўся, яшчэ раз, цяпер пiльней, уважлiвей паглядзеў на выварацень. I нацiснуў на спуск аўтамат рыгнуў агнём, кулi ўдарылi ў сухадрэвiну, з вываратня пасыпаўся сухi пясок, мох.

- Ну дык як, згода? - зашаптаў, быццам i сам спалохаўшыся стрэлаў, нячысцiк. - Руку, руку давай... А то... Крыкну - i бясплатна душу тваю забяру. Чарга з аўтамата - i ты... Мёртвы, хi-хi, хе-хе...

I працягнуў сваю... Не, не, не руку, а лапу. З маленькiмi чорнымi кiпцюрыкамi на пальцах, халодную, лiпкую... Нават не працягнуў, а як бы ўсунуў, улажыў Петрыку ў руку. I ён, не ўсведамляючы, што робiць - а можа, ад страху, немец жа зусiм блiзка стаяў! - сцiснуў яе.

- Ну вось, даўно б так... А то... Хi-хi, хе-хе, - засмяяўся, захiхiкаў зноў дробненька, але, адчувалася, здаволена нячысцiк. - Глядзi цяпер, як немца я праганяць буду, цябе ратаваць...

I шустра скокнуў з-пад вываратня, бултыхнуўся ў ваду перад самым немцам, абдаўшы таго з ног да галавы пырскамi. Ад нечаканасцi, жаху немец закрычаў, дзiка i па-вар'яцку прарэзлiва, зноў пусцiў з аўтамата чаргу.

Закрычаў, загалёкаў, але ўжо дзесьцi зусiм у iншым баку, у лазняку, i нячысцiк.

Немец, вiдаць, не зусiм цямячы, што здарылася, пастаяў яшчэ хвiлiну-другую, выцер рукой вочы, твар i, павярнуўшыся, пацыбаў, як не пабег раптам назад, на лес, дзе было суха, чулiся галасы iншых немцаў.

А Петрык так i астаўся ляжаць ля вывернутай старадрэвiны.

"Цi не здалося ўсё гэта мне? - падумаў. - Немец... Нячысцiк... Казак ад дзеда наслухаўся. Вось i ўявiлася..."

Вечара, змяркання дачакаўся. А тады - дадому, у вёску, падаўся.

Мацi, убачыўшы сына - жывога, здаровага, - схапiла яго на рукi, пачала цалаваць.

- А як жа гэта ты, сыночак, адстаў ад мяне? - плакала, галасiла яна. - I дзе, дзе ты быў, дзе хаваўся? Немцы ж па лесе хадзiлi, людзей шукалi. I каго знаходзiлi - забiвалi, цесакамi рэзалi...

Петрык слухаў мацi i не ведаў: расказваць ёй пра немца i нячысцiка Карчоўнiка цi... Лепш змоўчаць, нi ў чым не прызнавацца...

"Калi даведаецца, што нячысцiку душу прадаў... Расстроiцца... А то i не паверыць, кпiць, смяяцца пачне... Скажа - якiя цяпер чэрцi..."