Читать «Карчоўнiк (на белорусском языке)» онлайн

Борис Саченко

Саченко Борис

Саченко Борис

Карчоўнiк (на белорусском языке)

Барыс Сачанка

Карчоўнiк

Напачатку была казка. Казка пра тое, як чалавек прадаў чорту душу i з дапамогай нячыстай сiлы нажыў вялiкiя багаццi, займеў усё, чаго прагнуў, хацеў, i калi, здавалася, сама б жыць i радавацца... Словам, прыйшоў чорт i пачаў патрабаваць аддаць тое, што чалавек яму прадаў - душу... Казка была доўгая, яе расказваў Петрыку ў адзiн з шарых асеннiх вечароў, седзячы на печы, дзед Максiм...

Дзеда забiлi немцы. Ён памкнуўся быў ратаваць сабаку, Рэкса, па якiм, увалiўшыся ў двор, пусцiлi чаргу з аўтамата чужынцы, калi той з брэхам адчайна кiнуўся на iх, хочучы няйнакш стрымаць, не пусцiць. Кулi прашылi дзеду грудзi, перабiлi ногi, i ён, не ўстояўшы на ганку, упаў, звалiўся проста тварам у снег...

Сабаку, упрогшыся ў саматужкi, мацi завезла ў той жа дзень некуды ў лес i закапала. А дзед, нейкi аж занадта суровы, з нежывымi, ашклелымi вачыма i складзенымi на грудзях касцiстымi, жылiстымi рукамi, нерухома ляжаў на лаве яшчэ вечар i ноч, пакуль не змайстравалi яму са свежых габляваных дошак дамавiны, не палажылi яго туды i не павезлi на могiлкi. Там, на пагорку, пад старою карыстаю сасною, дзеда пахавалi, паставiўшы на яго магiле высокi дубовы крыж...

У хаце i на двары адразу ж пацiшэла. Не гаўкаў, не званiў ланцугом, сюды-туды бегаючы, гойсаючы, Рэкс, не кашляў, не гаварыў сам з сабою, седзячы на печы цi сноўдаючыся па хаце, дзед. Ды i мацi неяк пазмрачнела, сцялася - не смяялася, не спявала, як, бывала, раней. Рабiла ўсё, нават размаўляла, цiхенька, быццам хворая. I плакала, плакала - шкада ёй было i дзеда, свайго бацькi, i сабакi Рэкса. Прывыклi ж, без iх сям'я была няпоўная. А тут, як на тое, яшчэ завея ўсчалася, да такая, што свету божага не стала вiдаць. У комiне быццам чэрцi пасялiлiся - выла, гуло, гiгiкала, свiстала, падкiдала ўюшку. Ды i на двары, за хатаю, ведзьмы баль спраўлялi - лiха ведае што рабiлася вiхурыла, несла снегам, мяло, засыпала сцежкi-дарожкi. Выйсцi па патрэбе за хлеў i то не заўсёды ўдавалася. З ног збiвала, холадам да самых касцей працiнала, ледзянiла. Давялося ўнесцi ў хату ражку...

I так сумна, нецiкава жылося аж да самай вясны, пакуль сонца не пачало зазiраць у вокны, снег не растаў...

З прыходам вясны, цяпла зачасцiлi ў вёску немцы. Прыедуць, згоняць людзей да сельсавета - ён называўся ўжо воласцю, аддадуць розныя распараджэннi, загады - i паедуць. А калi распараджэннi i загады пачалi не выконвацца, парушацца, немцы не на жарт раззлавалiся - узялiся палохаць, страшыць людзей, а потым i страляць, вешаць. I людзi, каб не трапiць пад кулi цi на вiсельню, не чакалi больш дома немцаў, не сядзелi ў хатах, а як толькi чулi, што едуць ворагi, уцякалi хто куды, шылiся ў балоты, альсы, лясы - яны, на шчасце, акружалi вёску з усiх бакоў. I не выходзiлi ўжо адтуль, не вылазiлi, пакуль не ад'язджалi чужынцы. А ўжо тады, часцей за ўсё пад вечар, як цямнела, змяркалася, кiравалiся, кралiся да сваiх хат...

Неяк, уцякаючы ад немцаў, Петрык адстаў ад людзей i нават ад мацi. Балота, лазняк яму перашкодзiлi. Убiўся быў у такую гушчэчу, заглуш, што не пралезцi. Паспрабаваў крычаць, але тут жа спахапiўся, апомнiўся: немцы ж могуць пачуць... Сяк-так выбраўся на сухое, на лес... Але... Нiкога з аднавяскоўцаў там ужо не было, нават след прастыў. Заплакаў у роспачы...