Читать «Карчоўнiк (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Борис Саченко

I не расказаў, не прызнаваўся, што адбылося там, у выгарах, калi хаваўся за старадрэвiнай i проста на яго iшоў, цыбаў з аўтаматам у руках немец...

Цi то i праўда нячысцiк - Карчоўнiк - ва ўсiм памагаў Петрыку, цi то сам ён урадзiўся такi шчаслiвы - "у сарочцы", - аднак пасля той падзеi ў выгарах жыццё яго пайшло лёгка, без якiх бы там нi было непрыемнасцей i ўскладненняў. Немцы не прыязджалi больш у iхнюю вёску страляць i вешаць людзей, бо ў вёсцы спынiўся на пастой вялiкi партызанскi атрад, Знайшоўся i Петрыкаў бацька - ён, як выявiлася, быў камiсарам гэтага партызанскага атрада. I ў перапынках мiж паходамi, баямi, калi вяртаўся дадому, у сваю хату, падкiдваў высока, аж пад самую стоь, Петрыка, казаў:

- Ну i сынок, ну i малайчына ж расце ў мяне! Вось немцаў прагонiм, як мы з табой зажывём тады!

Немцаў праганялi доўга. Было, што партызаны iх бiлi, было, што i яны партызан. Цэлы могiльнiк вырас на ўскраi сасоннiку - там хавалi забiтых у баях, а таксама тых, хто памiраў ад ран. Некалькi разоў спрабавалi немцы нападаць на вёску, хацелi вынiшчыць партызан. Абстрэльвалi з самалётаў, з гармат. Аднак партызаны ўмела абаранялiся. Нават пераходзiлi ў наступленне. I ў рэшце рэшт прагналi немцаў - прыйшло доўгачаканае вызваленне.

Петрыкавага бацьку на фронт не ўзялi. Але не пакiнулi i ў вёсцы - перавялi ў горад: там ён узначалiў спярша райком, потым вялiкi завод. Пераехалi ў горад да бацькi i Петрык з мамаю. Пасялiлiся ў камянiцы, хоць i ў маленькай, але ўтульнай кватэры.

Петрык пайшоў у школу. Iсам здзiўляўся, як лёгка яму давалася вучоба. Варта было паслухаць на ўроку настаўнiка - i ў кнiжку не трэба заглядваць, усё чысценька, да слова запамiнаў. Навучыўся чытаць, пiсаць, лiчыць. Ды так, што нiхто з iм не мог нi ў чым зраўняцца. Сем класаў скончыў на пяцёркi. Ды i астатнiя класы - восьмы, дзевяты, дзесяты - таксама на "выдатна".

- Гэта талент, незвычайны з яго вырасце чалавек, - казалi настаўнiкi пра Петрыка бацькам. - Што нi даручыш, за што нi возьмецца - зробiць!

I праўда, не толькi галава была светлая ў Петрыка, але i залатыя рукi. Ён мог адрамантаваць прас i радыёпрыёмнiк, гадзiннiк i веласiпед, матацыкл. Iграў на баяне, на пiянiна, на гiтары. Умеў - i даволi прыгожа - спяваць. Быў чэмпiёнам школы i горада па плаваннi, бегу на сто, дзвесце i пяцьсот метраў. Вышэй за яго нiхто не скакаў, лепей за яго нiхто не гуляў у футбол, валейбол i тэнiс. Словам, усюды i ва ўсiм ён паспяваў, паказваў спрыт, дамагаўся поспехаў.

Настаўнiкi ставiлi яго ў прыклад, многiя яму зайздросцiлi. Вядома, сярэднюю школу ён закончыў на залаты медаль. Куды ехаць вучыцца далей, Петрык (яго цяпер звалi ўжо Пятром, а сёй-той i Пятром Пятровiчам) ведаў, бо даўно абраў сабе прафесiю - захацеў стаць матэматыкам. Прываблiвалi яго лiчбы, у iх ён бачыў схаваны таямнiчы сэнс. Складваць iх, дзялiць, множыць - гэта быў любiмы яго занятак. Больш таго - ён, будучы яшчэ вучнем, знаходзiў у дзяленнi, множаннi, складаннi, адыманнi такiя заканамернасцi, якiх да яго нiхто не знаходзiў. А калi, можа, i знаходзiў, дык пра гэта ён, Пятро, не ведаў, не чуў. Рашыць самую складаную матэматычную задачу яму не было нiякай цяжкасцi рашаў, лускаў, раскусваў, як семкi, арэшкi, проста на хаду.