Читать «Карчоўнiк (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Борис Саченко

Мацi вучыла яго: калi здарыцца нешта падобнае - адстанеш цi адзiн астанешся, каб не губляўся, шыўся ў лазняк, у балоты. I Петрык, успомнiўшы матчын наказ, не пайшоў на лес шукаць людзей, а вярнуўся назад, у лазняк, у балота. I не астаўся там з краю, а пашыўся ў выгары. Вада там была халодная, аж ногi зводзiла. Ды i глыбока, да самых пахаў, шыi, месцамi даходзiла. Пагрэбаўшыся мiж карчоў i купiн i змарыўшыся, Петрык, як толькi ўбачыў паваленую, вывернутую з карэннем старадрэвiну, дабраўся да яе i залёг.

"Далей не папаўзу, - вырашыў. - Схаваюся за камель. Цi за каранi, голле".

Так i зрабiў. Але... Што гэта? Раптам зачаўкала багна, заплюхала вада пачулiся няйнакш чыесьцi крокi. Падняў галаву. I... убачыў нечакана для сябе немца - ён, наставiўшы перад сабою аўтамат, у касцы, накiнутай на плечы плямiстай плашч-палатцы, цыбаў асцярожна па вадзе проста на яго, Петрыка. У страху i як бы нейкiм здранцвеннi пашыўся блiжэй да вываратня. I там, у зараснiках травы i малiннiку, стаiўся, прыпаў усiм сваiм целам да камля.

Немец iшоў i iшоў, наблiжаўся i наблiжаўся да яго, Петрыка. Крок, яшчэ крок... Вось ён спынiўся, пастаяў, паглядзеў, цi няма нiдзе нiкога, i зноў цыб, цыб...

Аж потам халодным абдало Петрыка. "Што рабiць?" Кiнуцца ўцякаць адсюль? Але куды? Дый немец убачыць жа, паласне з аўтамата. Як па Рэксу. Як па дзеду... I ля вываратня быць, чакаць, калi немец падыдзе зусiм блiзка, убачыць... Таксама ж...

Немец не збочваў - цыбаў i цыбаў, наблiжаўся i наблiжаўся. Ужо ён, Петрык, бачыў яго доўгi кручкаваты нос, вялiкi губаты рот...

I тут раптам адбылося неверагоднае, цуд нейкi, дый годзе. З-пад вываратня выпаўзла нешта жывое. Рыжае, вёрткае, рухавае. З востранькай, як у мышкi, пыскай, жвавымi хiтрымi вочкамi, загнутымi касцiстымi рожкамi, вiлястым куртатым хвосцiкам... I худое-худое.

- Не бойся мяне, хлопчык, - сказала, шапнула яно цiхенька, лагодненька. Я - Карчоўнiк. Iнакш - чорцiк, што жыве ў карчах. Хi-хi, хе-хе... - засмяялася яно.

Успомнiў Петрык - расказваў яму пра такiх калiсьцi дзед Максiм.

- Што табе трэба ад мяне? - насцярожыўся Петрык, халадзеючы ад жаху - мала таго што немец цыбае, iдзе проста на яго, дык яшчэ i нячысцiк гэты, Карчоўнiк, аб'явiўся.

- Душа твая, - сказаў гэтак жа цiхенька, лагодненька нячысцiк. I губы свае - сiнiя, тонкiя - аблiзаў.

- Купiць яе хочаш? - паглядзеў проста ў вочы чорту Петрык.

- Ага, - пакруцiў куртатым хвосцiкам чорт.

- Не ўдасца, - рашуча хiтнуў галавою Петрык i перавёў вочы на немца, якi раптам зноў спынiўся, застыў, быццам пачуўшы галасы, няйнакш прыслухаўся.

- Не ўдасца, кажаш? Хi-хi, хе-хе, - захiхiкаў, засмяяўся дробна, нядобра нячысцiк. - I купляць не давядзецца, дарма забяру...

- Як гэта - дарма? - здзiвiўся Петрык, бо ведаў, чуў ад дзеда: чэрцi проста так, дарма, душу не бяруць, а купляюць.