Читать «Чазенія» онлайн - страница 9

Уладзімір Караткевіч

Ці дойдзе чарга да вас, каб зноў завялі? Такія вялікія чалавечыя чэргі. Падчас працы, у гадзіны бяссонных начэй, калі ёсць толькі круг ад лямпы, папера і лічбы, падчас спрэчак, калі нават іранізуюць і здзекуюцца адзін з аднаго радам формул, у якіх памылковая думка праціўніка даведзена да абсурду, раз-пораз ён успамінаў простае: рыжых коней на поплаве (так нечакана адышлі яны ў нябыт, і ён зусім не падрыхтаваўся да развітання), курганы-валатоўкі ў ранішнім тумане, бабра, што куляецца ў ваду, заўважыўшы ягоны човен... Хлопчык з глушыні, куды цябе занесла? У фантастаў усё гэта выглядала куды прыгажэй, бо яны адказвалі зусім на іншыя пытанні, сярод якіх галоўныя былі – чалавечае і чалавечнасць, бо яны клікалі да іншых берагоў.

Ён марыў аб няздзейсненым, аб тым, чаго не будзе, аб жыцці, што споўнена віруючым токам крыві. I паколькі гэта не збылося, рыжыя коні адпомсцілі яму.

Ды хіба яму аднаму? Ён успомніў сваё першае знаёмства са светам высокай навукі. Тады іх, зусім яшчэ юнакоў, везлі аўтобусамі ў Дубну: паказваць. I яны былі шчаслівыя маладосцю, шчаслівыя (што грашыць!) сваёй адметнасцю, сваімі думкамі і ідэямі, сваімі гарызонтамі. Яны маглі ўсё. Але ўжо тады ён адчуваў сваю дваістасць. Злева ад дарогі гордыя сталёвыя стрэлы неслі драты, справа – ляжалі вёскі, справа было Дзмітраўскае гарадзішча, гарадзішча горада, які калісьці мог сапернічаць з Масквой. Ад усёй велічы застаўся на гэтым гарадзішчы толькі нізкі белы старажытны сабор.

I Севярын не ведаў, што яму даражэй: гордая ода, што цягнулася злева, або простая элегія, што драмала справа.

Усё ўразіла іх тады. I сам горад, і круглая крэпасць сінхрафазатрона, і цыклатрон, і пульт упраўлення. Гэта было велічна і цудоўна. А ён ніяк не мог пазбавіцца ад думак, што вакол гэтага фарпоста ляжаць лясы, у якіх, цалкам верагодна, могуць такаваць глушцы.

Ізумрудная іскра на экране пульта ўпраўлення паўзла і паўзла наперад, упарта і пераможна, і раптам зрывалася, бязвольна падала наўскос.

Якія маладыя яны тады былі! I Антон, і Віталік, і Генусь. Цудоўны Генусь, зямляк, друг, родная душа! Гэты не стаў бы пакутаваць ад таго, што хоча сказаць важлівае і не можа... Розыгрышы, вершы, жарты, ідэі, неўтаймаваная энергія і сіла жыцця так і віравалі ў ім. Гэты ведаў, што рабіць з дарам, які дастаўся яму невядома адкуль, і не адчуваў сябе з гэтай прычыны прыгнечаным, і нібы вінаватым, і нібыта не на сваім месцы.

Вось і тады ён, мала таго, што бачыў больш, чым усе яны, але яшчэ і паспяваў сыпаць жартамі і прыдумляць, карыстаючыся новымі ўражаннямі, пародыі на безгустоўныя і дурацкія ў сваім мяшчанстве песні тых часоў.