Читать «Чазенія» онлайн - страница 7

Уладзімір Караткевіч

Між караблямі білася і ўздыхала вада. Плавалі ў ёй бочкі, скрынкі з надпісамі на разнастайных мовах, варушылася каша водарасцяў. Пах гэтай вады, ёдны, салоны, масляны, – унь якая вясёлка на ёй! – востры ад водарасцяў, што гніюць, поўніў, здаецца, увесь горад.

Будрыс стаў над рыбаловамі, якія лавілі з пірса на крэветку. Цягалі краснапёрак праз вясёлкавую плеўку, што дзяліла водную і паветраную стыхіі. Цікава, ці пахне рыба бензінам?

I раптам вострая, страшная туга па радзіме нібы нажом ударыла пад сэрца.

"Краснапёрка. Марская. А ёсць рачная. Там. I яе ловяць з чыстай вады. З азёр. З Асвейскага. З Нарачы. З якога-небудзь там Вечалля або Дзевіна. З Лучосы. З Дняпра. Божа мой, як жа гэта я трапіў сюды? Як мяне сюды занесла? Туды трэба было ўцякаць. Туды. З дзяцінства, здаецца, не бачыў... Такая туга! Але шэф сказаў: "Знаеце што, мы даём вам столькі часу, колькі вам трэба, каб прыйсці ў сябе. I адпачывайце вы. Едзьце вы далей, далей, як мага далей. Кахайце, рыбу лавіце, калі хочаце – напіцеся. Але толькі каб сталі другі, каб ранейшы... Усё рабіце, што хочаце. Інакш, баюся, мы вас страцім. А нам, а мне... вельмі гэтага не хочацца. Я прыглядаўся да вашых здольнасцей яшчэ ў школе. – У шэфа відавочна сапсаваўся настрой, пацірае пальцамі востры, птушыны нос. – Не ведалі? Ну вось. А вы і трапілі, куды трэба, таму, што да мяне, да нас дайшло і мы прыглядаліся... I пасля я глядзеў і радаваўся, і ведаў, што мне ёсць на каго..."

Ён тады махнуў са скрухаю рукой. Гаварылі ў ягоным вялікім непрытульным кабінеце, дзе ён амаль ніколі не сядзеў. I ўжо зусім дзіўна было, што суровы, аніяк не схільны да распівання спіртнога ў рабочы час, шэф паставіў на стол бутэльку каньяку і дзве чаркі. Паставіў, і яны выпілі па адной і па другой, і гэтым свядома зглумілі цэлы дзевь, бо ні адзін, ні другі не маглі працаваць, узяўшы хаця б грам. А пасля шэф, які нікому ніколі не казаў таго, што сказаў зараз яму, заторкнуў бутэльку і ўздыхнуў.

– Вось так. Дастукаўся. Я разумею. Цяжка. Што, нервы, сны, кашмары?

Будрыс моўчкі кіўнуў галавою. I тут бутэлька стрэльнула коркам у столь. З рэзкім гукам. I малады так здрыгануўся пры гэтым, што твар шэфаў абцягнуўся скураю і нешта дзіўнае, нешта такое, што трывожна і да канца асэнсоўвала, з'явілася ў вачах. Нешта птушынае, уважлівае і спалоханае. Ён адразу ж пастараўся прагнаць гэта. Ён усміхнуўся:

– Гэта яна намякае, каб яшчэ налілі. Ну і малайчына, што нагадала. Давай!

Выпіў і раптам сказаў з такой нечаканай пяшчотай, бояззю і перасцярогай, што малады дагэтуль не мог забыць:

– Як мага далей. Адпачывай. Беражы галаву, сынок. Злачынства – не берагчы такую галаву. Ну, з богам... Вяртайся.

I пацалаваў яго. I гэтага таксама не было з самага стварэння іхняга свету, дзе быў свой бог і свае пакутнікі.

...Ён уцёк далёка. Але пакуль што, здаецца яму, не ў той бок. Дзіўна, але толькі размова з шэфам дала яму зразумець, што з ім, Будрысам, сапраўды вельмі кепска, амаль непапраўна. Здаровае цела, фенаменальная галава (цяпер, калі ён часам не мог разблытаць самага простага і мог палову гадзіны сядзець над уразуменнем ідэі, формулы, схемы – ён не саромеўся думаць так пра сябе ранейшага), памяць, інтуіцыя – і вось усё сабаку пад хвост. Нешта разладзілася ў складанай машыне ягонага арганізма. Часам – ранейшыя ўзлёты, але часцей нервовасць, дзіўнае адчуванне непатрэбнасці і нават шкоднасці сваёй працы і сваёй навукі, цяжкая, чыгунная стома з самай раніцы, сны, з-за якіх страшна класціся ў ложак. Штовечар страшна класціся...