Читать «Чазенія» онлайн

Уладзімір Караткевіч

I. ПЕСНЯ АБ УСПАМІНАХ У СІНІМ, ТУМАННЫМ ГОРАДЗЕ

II. ПЕСНЯ АБ МАРСКІХ ЗОРКАХ, ЖАНЧЫНЕ I РАКЕТАХ

III. КАРОТКАЯ ПЕСНЯ ПРА СНЫ, АБУДЖЭННЕ I ШТОРМ

IV. СІНЯЯ ПЕСНЯ, ЯКУЮ СПЯВАЛІ ЛЮДЗІ I ЯКОЙ ПАДПЯВАЛІ РЫБЫ I ВАСЬМІНОГ

V. ОДА ШЛЯХАМ I СТУКУ САНДАЛЯЎ

VI. ВЯЧЭРНЯЯ ПЕСНЯ КЕДРА

VII. РАНІШНЯЯ ПЕСНЯ ПРА ДЗІКАГА КАТА, ЯКІ ДАЎ МАХУ

VIII. САНАТА ТАЙГІ (СКЕРЦА)

IX. ЭЛЕГІЯ ПАЛЯЎНІЧАЙ ХАТКІ

X. НАКЦЮРН I АЛЬБА3

XI. НАЧНАЯ БАЛАДА ТРЫВОГІ, ПРАСПЯВАНАЯ БЛАКІТНАЙ ОРДЭНСКАЙ СТУЖКАЙ

XII. ПЕСНЯ ПЕСНЯЎ

XIII. ОДА СОНЦУ

XIV. БАЛАДА ПРА ЛЕАПАРДА БЕЗ ІМЯ I ПРА БЕЛУЮ ЛАЙКУ, ІМЯ ЯКОЙ – АМУР

XV. ПАКАЯННЫ ПСАЛОМ РАЗЛУКІ

XVI. ПЕСНЯ ЧАЗЕНІІ (ФІНАЛ I КОДА)

notes

1

2

3

Чазенія

I. ПЕСНЯ АБ УСПАМІНАХ У СІНІМ, ТУМАННЫМ ГОРАДЗЕ

Ён бег з апошніх сіл, бо разумеў: яшчэ некалькі хвілін – і ўсё будзе скончана.

Не было чым дыхаць. Навісала нізкае – як рукой дастаць – лілова-чорнае неба. I выцягнутыя туманныя языкі, валокны дыму імчалі насустрач, у апошні, здаецца, момант абгінаючы твар. А за градою, у бухце, смяротна, страшна, тужліва крычала, падыходзячы да берага, самотная субмарына. Ён ведаў: там цішыня. Толькі некалькі людзей бязгучна і млява цягнуцца па пірсе, адганяючы з брандспойтаў гэты дым, гэты пыл, гэты сухі туман. А ён усё ідзе. А вакол, у цішыні, гэты крык.

...Яны беглі не таму, што небяспека пагражала ім адным. Невядомае пагражала ўсім, і яны імчалі, каб папярэдзіць людзей. А людзі былі ў тым будынку наперадзе, на самай градзе ўзгоркаў, там, дзе яна абрываецца ўніз, да мора. Сябар цяжка тупаў побач – вялізны сілуэт на чорным небе.

Гэта быў дзіўны, няветлы, змрочны будынак. Увесь як крышталь: ці то палац, ці то замак. Сябар не ведаў, што Севярын бяжыць да гэтага замка не проста таму, што там людзі. Сярод людзей была жанчына, страх за якую раздзіраў сэрца. Папярэдзіць – і тады яна, усе яны, схаваюцца і, можа, выжывуць.

Ад замка вялі ўніз травяныя партэры. Не чатырохкутныя, а нібыта паловы выцягнутых авалаў, закругленымі канцамі ўніз, адзін над адным, як рыбіна луска. I не зялёныя яны былі, а фіялетавыя – ад водсветаў з неба.

Ужо не ставала сілы. А над гарызонтам, паступова-паступова, яшчэ чарнейшыя, чым неба, бязгучна вырасталі вяршыні хмар, падобныя на шапкі атамных грыбоў, але стократ страшнейшыя за іх.

...Яе не было, калі яны дабеглі да будынка і папярэдзілі жыхароў. У смяротным, амаль жывёльным страху за яе ён сноўдаў паўсюль і раптам убачыў, што яна, страціўшы галаву, бяжыць па гэтых фіялетавых партэрах ад замка, ад паратунку. І, нягледзячы на тое, што было позна, што пікі хмар, накіраваныя на іх, выраслі на палову неба, ён кінуўся за ёю.

Нябесная праява абагнала іх і пачала акругла загінацца перад імі ўніз, як акіянскі вал.

...Ён схапіў жанчыну, панёс да замка. Ён ведаў, што яны не паспеюць, што, у лепшым выпадку, дабяруцца да замкавай тэрасы над морам, адкуль ход у бункеры. Але ён бег. I ён узбег з ёю на тэрасу. I тут...

...Расселася рваным палотнішчам неба, схіліліся ў ім нейкія пагрозныя цені, і адтуль, як чорныя знічкі, як чорныя сляды трасірных куль, пацягнуліся на іх і на зямлю сляпуча-вугальныя ніці.