Читать «Чазенія» онлайн - страница 11

Уладзімір Караткевіч

Пад ім было метраў пяцьдзесят скалістай базальтавай стромы, сям-там зарослай травамі і дрэўцамі, пасля вузкая стужка пляжа, а далей – сіні Амурскі заліў. Звычайна схаваныя ў тумане, дажджы, імжацы, сопкі на тым беразе былі сёння відаць ледзь не кожным сваім дрэўцам. Чысціня залітага сонцам чыстага паветра была надзвычайная.

У той дзень святкавалі гадавіну перамогі над Японіяй. У Амурскім заліве павінен быў адбыцца марскі салют, і частка флоту была ўжо выведзена на рэйд.

Будрыс стаяў тут ужо гадзіну і намерваўся чакаць і далей на гэтым самым месцы не таму, што не хацеў страціць яго, такое зручнае для назірання, а проста таму, што яму было прыемна стаяць тут, глядзець на караблі, мора, сопкі. Глядзець, і думаць, і адчуваць скурай сонца і ледзь успрымальную пяшчоту салонага ветрыка. Гэта быў незвычайны ветрык і незвычайная соль. Лёгкі пах гнілі ўлятучыўся разам з дажджамі. Былі ў паветры цеплыня, сухасць, кедравы водар з лясоў на тым баку (далёкіх-далёкіх!). I соль. Аблізнеш вусны – саланаваты прысмак... Ледзь не самае салонае мора зямлі ляжала перад ім. Трыццаць чатыры праміле, трыццаць чатыры грамы солей на літр вады. I нават тут, у заліве, толькі на два праміле меней: у пяць разоў больш салонае, чым Балтыка і Каспій, у два разы больш, чым Чорнае, – вось якое гэта было мора!

Направа ён бачыў былы Сімеонаўскі Коўш, дзе Паўлаву калісьці пашанцавала на бабулю. Проста пад ім ляжаў абгароджаны флоцкі пляж. У той дзень, калі яны паабедалі, Васіль сказаў яму, каб ішоў сюды і з гадзіну пачакаў, бо яму трэба зрабіць адну справу.

– А чаго не на агульны пляж?

– Народу... – скрывіўся Паўлаў. – Каламуць уздымуць. Вышак няма. Ды і каменні вострыя... Гэта табе не на Чорным.

– А на флоцкім?

– А там масткі. Хочаш – нырай проста з іх.

– Ды не пусцяць.

– Чаго? Дзесяць капеек дай, дый ідзі.

I сапраўды, там было лепей, чым на агульным. I, галоўнае, было бязлюдна. Зрэдку з'яўляліся некалькі дзесяткаў матросаў пад камандай старшыны, трэніраваліся хвілін дваццаць, – і зноў нікога. Добра было скакаць з вышкі, выплываць, адчуваючы рукамі халаднаватую студзіну белых медуз, вылазіць лесвічкай на масткі і доўга ляжаць на гарачых гладкіх дошках, якімі ледзь не да самай кромкі вады быў забраны бераг.

Паўлаў нешта доўга не ішоў. I Севярын хадзіў па пірсе і з яго, а таксама з вышкі, заўважаў на дне марскія зоркі. Ныраў і апускаўся за імі на дно і заўсёды памыляўся у ацэнцы глыбіні: такая празрыстая была зеленаватая вада.

Зоркі былі не мяккія, а нечакана шурпатыя, як карал, і, здавалася, нежывыя. Ён набраў іх многа, расклаў на дошках і ніяк не мог заўважыць іхніх рухаў. Толькі як глянеш пасля перарыву – бачыш, што адна выгнула свой прамень, другая працягнула яго, падабраўшы астатнія. Сіла гэтых бандытаў была ў нападзе на яшчэ больш нерухомых: Будрыс падабраў таксама некалькі пустых ракавін мідзіі, у якіх былі роўныя круглыя дзірачкі. Марская зорка зрабіла гэта. Напаўзла, прыкрыла ракушку, выпусціла з сябе кроплю кіслаты, якая растварыла вапняк створкі, і праз круглую дзірачку выкалупала чарвякападобнымі ножкамі малюска і з'ела яго.